Беларусь прапануе Кітаю разам стварыць касмічны спадарожнік

23 мая 2018

Аб перспектывах сумеснага праекта па дыстанцыйным зандзіраванні зямлі сёння ішла размова ў Мінску. У Беларусь з афіцыйным візітам упершыню прыбыў кіраўнік кітайскай Акадэміі навук сусветна вядомы навуковец Бай Чуньлі. Цікавасць да супрацоўніцтва ў касмічнай сферы пацвердзіў і кітайскі бок. Акрамя таго, краіны гатовы ўзаемадзейнічаць у галіне нана- і біятэхналогій, а таксама фундаментальных даследаванняў у сферы натуральных навук. Пра што яшчэ дамовіліся акадэмікі Беларусі і Кітая - Надзея Сербіненка.

Сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сустракаюць ганаровых гасцей - дэлегацыю Акадэміі навук Кітая і яе кіраўніка - спадара Бай Чуньлі. Ён без перабольшання ўваходзіць у лік самых аўтарытэтных навукоўцаў свету, вядомы як спецыяліст у галіне нанатэхналогій. Чуньлі з'яўляецца ганаровым членам 20 акадэмій навук розных краін, у тым ліку і Беларусі.

Член Лонданскага каралеўскага таварыства, Нацыянальнай акадэміі навук ЗША, Расіі, кіраўнік адразу дзвюх акадэмій навук - КНР і краін, якія развіваюцца. Бай Чуньлі прамым рэйсам з Пекіна прыляцеў у Мінск і ў першую чаргу накіраваўся да свайго беларускага калегі Уладзіміра Гусакова.

Кітайская дэлегацыя азнаёмілася з дасягненнямі беларускіх навукоўцаў у сферы лазерных тэхналогій, стварэнні новых матэрыялаў, машынабудаванні.

За апошнія пяць гадоў дзве акадэміі навук вядуць больш за дваццаць сумесных праектаў. У тым ліку міжрэгіянальных - з рознымі правінцыямі Кітая. У 2017 КНР прафінансавала беларускія навуковыя і адукацыйныя праекты на суму дзевяць мільёнаў долараў. Нашы навукоўцы задзейнічаны ў рэалізацыі кантрактаў па заказе кітайскага боку ў галіне ЗВЧ-электронікі, радыёлакацыі, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Новы кірунак, у якім абодва бакі бачаць вялікія перспектывы, - стварэнне спадарожніка.

Бай Чуньлі, кіраўнік кітайскай Акадэміі навук: "Беларускія калегі сёння прапанавалі нам распрацаваць першы беларуска-кітайскі касмічны спадарожнік. Мы ў гэтым кірунку сусветныя лідары. Мы стварылі цэнтр па стварэнні касмічных апаратаў і ўжо вырабілі 36 спадарожнікаў. Я думаю, разам з вашымі навукоўцамі мы пачнём сумесную працу ў гэтым кірунку".

Кітайская Акадэмія навук - найбуйнейшая навуковая арганізацыя ў свеце. У яе склад уваходзіць 104 навукова-даследчыя інстытуты, 12 галіновых акадэмій і тры ўніверсітэты. Усяго ў штаце – больш за 70 тысяч навуковых супрацоўнікаў.

Бай Чуньлі таксама пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей. Доктар навук выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва на карысць эканомік дзвюх краін.

Візіт дэлегацыі кітайскіх навукоўцаў працягваецца. У найбліжэйшыя дні кіраўнік кітайскай Акадэміі навук наведае шэраг навуковых інстытутаў, пабывае ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень", азнаёміцца і з нашай гістарычнай спадчынай у Міры і Нясвіжы. Па выніках візіту будзе сфаріравана новая праграм стратэгічнага супрацоўніцтва паміж навукоўцамі дзвюх краін.