"Беларусь памятае". Віктар Вятошкін

5 мая 2019
Яблыневы цвет і бутоны чырвоных цюльпанаў. Менавіта яны кожны год азначаюць набліжэнне вялікага свята, якое для многіх па-ранейшаму "са слязамі на вачах". Усяго некалькі дзён аддзяляюць нас ад Дня Перамогі. І ў многіх гарадах Беларусі запушчаны зваротны адлік. Як напамінак пра тое, наколькі доўгачаканым быў гэты дзень для ўсіх, каму хапіла гора на вайне.

Тыя, хто прайшоў дарогамі вайны, дагэтуль завуць 9 мая самым яркім днём вясны. Бо менавіта ён паклаў пачатак новаму светламу і мірнаму жыццю, закрэсліўшы чорныя ад пакуты савецкага народа гады. І дзесьці ў гэтыя дні, толькі ў 45-м, салдаты дзяліліся радасцю з роднымі ў лістах  ад таго, што дайшлі да Берліна і нават пакінулі аўтографы на сцяне рэйхстага!

Менавіта такая гісторыя стала асновай новага роліка маштабнага праекта Агенцтва тэленавін "Беларусь памятае". Гэта фактычна міні-фільм, дзе раскрываецца гісторыя легендарнага мінамётчыка Віктара Вятошкіна. 

Каб максімальна дакладна распавесці яе, аўтары літаральна прайшлі баявым шляхам героя. Здымкі праходзілі ў Расіі, Германіі, Беларусі. Пра ветэрана знойдзена мноства цікавых фактаў. 

У Маскве на Паклоннай гары яго імя навечна запісана сярод кавалераў трох ордэнаў Славы. А ў Мінску ў музеі 202-й школы Вятошкіну прысвечаная маштабная экспазіцыя. Яшчэ пры жыцці Віктар Вятошкін стаў ганаровым грамадзянінам Гомельскай вобласці.

І сёння яго дачка распавядае пакаленню next, праз што давялося прайсці яе бацьку і сотням тысяч такіх жа салдат і афіцэраў, тым, хто браў Берлін! Глядзім прэм'еру!