"Беларусь памятае". Легендарны танкіст Аляксандр Фень

11 ноября 2018

Ваенная тэма блізкая і цяжкая амаль для кожнага беларуса. І таму пра герояў іншай вайны, Вялікай Айчыннай, мы не перастаем гаварыць.

Ён ваяваў у Сталінградзе і прайшоў праз вялікую танкавую бітву на Курскай дузе! Аляксандр Фень сабраў на сваім кіцелі некалькі дзясяткаў узнагарод. А потым у сваіх кнігах пакінуў успаміны пра самую кровапралітную вайну ў гісторыі чалавецтва.

Зараз наша чарга памятаць! Беларусь памятае тых людзей, хто цаной свайго жыцця здабываў нам славу пераможцаў. Агенцтва тэленавін падрыхтавала чарговы ролік з серыі "Беларусь памятае" і прысвяціла яго легендарнаму танкісту Аляксандру Феню.

Прэм'ера "Галоўнага эфіру" - ролік пра чалавека, які 75 гадоў таму ваяваў за нашу перамогу і незалежнасць (відэа).

А ў гэтыя дні аўтары праекта "Беларусь памятае" працуюць ужо над наступнай серыяй. Прычым падышлі да пытання маштабна: для здымак у павільён даставілі сапраўдны нямецкі танк часоў Вялікай Айчыннай.

Гэтым разам размова пойдзе пра санітарку Зінаіду Корж, якая выратавала не адно жыццё на полі бою і нават падбіла бутэлькай з запальнай сумессю варожы танк. Гэтую гісторыю распавяла нам яе дачка, якая, як і мільёны беларусаў, беражэ і перадае з пакалення ў пакаленне гісторыі перамог сваіх сваякоў.