Беларусь атрымала па кантракце першыя знішчальнікі Су-30СМ

13 ноября 2019

Першыя два знішчальнікі Су-30СМ, якія паступяць на ўзбраенне айчынных ВПС, сёння прыляцелі на ваенны аэрадром у Баранавічах. Такім чынам пачалася пастаўка па кантракце ў рамках дамовы паміж Расіяй і Беларуссю аб развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Усяго ж размова ідзе аб 12 такіх самалётах. Як падкрэслілі ў Міністэрстве абароны нашай краіны, знішчальнікі МіГ-29, якія ўжо ёсць на службе ваенна-паветраных сіл, практычна адпрацавалі свой рэсурс. Таму і ўзнікла вострая неабходнасць у пастаўцы новых самалётаў.

На сённяшні дзень Су-30СМ лічыцца адным з лепшых знішчальнікаў у свеце, ён мае цудоўныя характарыстыкі. Патлумачым чаму:

Самалёты адносяцца да пакалення "4+". Цяжкі шматмэтавы звышманеўраны знішчальнік Су-30СМ здольны выконваць функцыі перахватчыка, бамбардзіроўшчыка і каманднага пункта. Самі распрацоўшчыкі (а самалёт створаны канструктарскім бюро Сухога і выпускаецца карпарацыяй "Іркут") ускладаюць на яго вялікія надзеі - па кантрактах пабудавана звыш сотні такіх машын. Яны працуюць днём і ноччу, у любых умовах надвор’я па разнастайных цэлях.

Калі гаварыць больш дэталёва пра характарыстыкі, то самалёт масай 34 з паловай тоны здольны развіваць хуткасць 2 тысячы 125 км/г, пры гэтым баявы радыус дзеяння складае паўтары тысячы кіламетраў. Бартавыя сістэмы дазваляюць яму выяўляць і весці 15 паветраных аб'ектаў і адначасова атакаваць 4 з іх.

Зрэшты, і айчынная абаронка не стаіць на месцы. Як і патрабуе Кіраўнік дзяржавы, ствараюцца сучасныя ўзоры ўзбраення, запатрабаваныя і на сусветным рынку. Толькі на выставе MILEX, што прайшла сёлета,   Дзяржкамваенпрам прадэманстраваў 100 новых і мадэрнізаваных узораў тэхнікі і ўзбраення. Сярод іх ракетная сістэма "Паланез-М", зенітна-ракетны комплекс "Цытадэль", а таксама розныя радыёлакацыйныя станцыі, стралковая зброя і шырокая лінейка беспілотных лятальных апаратаў.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя