Беларусь атрымала першыя знішчальнікі Су-30СМ

13 ноября 2019

На ваенны аэрадром у Баранавічах прыляцелі першыя два знішчальнікі Су-30СМ, якія паступяць на ўзбраенне айчынных ВПС. Такім чынам пачалася пастаўка па кантракце, які быў заключаны раней. Рэалізацыя праекта праходзіць у рамках дамовы паміж Расіяй і Беларуссю аб развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Усяго ж размова ідзе аб 12 такіх самалётах. Як падкрэслілі ў Мінабароны краіны, знішчальнікі павінны абнавіць парк баявых паветраных машын. Такім чынам, адзначыў Дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась, сёння пачалося паэтапнае пераўзбраенне ВПС на новыя тыпы самалётаў.

Цяжкі шматмэтавы звышманеўраны знішчальнік Су-30СМ здольны выконваць функцыі перахватчыка, бамбардзіроўшчыка і каманднага пункта. Паветраная машына працуе днём і ноччу, у любых умовах надвор’я па разнастайных цэлях. На сённяшні дзень Су-30СМ лічыцца адным з лепшых знішчальнікаў у свеце.