Беларусь паўнапраўна ўключыць людзей з інваліднасцю ў жыццё грамадства

4 декабря 2017

Сёння ў Мінску падпісалі стратэгію Беларусі па паўнапраўным уключэнні людзей з інваліднасцю ў жыццё грамадства. У першую чаргу гэты праект распрацаваны для СМІ. Ён прадугледжвае школу для прэсы па асвятленні такіх тэм, дапамогу ў працаўладкаванні журналістаў з інваліднасцю і заклікае ўсе СМІ стаць акном паміж светам і тымі, хто сёння не можа выйсці з дома. Першыя вынікі праекта падвядуць праз год. Міністэрства інфармацыі нашай краіны сумесна з ПРААН плануе правесці конкурс на лепшыя матэрыялы аб жыцці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Аляксандр Карлюкевіч, Міністр інфармацыі Беларусі: "Сёння ўстанаўліваюцца Мэты ўстойлівага развіцця, Беларусь шукае месца ва ўсіх гэтых праектах, акрэслівае сваё месца і, напэўна, гэты дакумент стане проста асновай, фундаментам для размовы, для новага градуса напружання, але градуса, вядома, творчага характару".

Санака Самарасінха, пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі: "Дасягненне Мэт устойлівага развіцця будзе немагчымым, калі мы не будзем прымаць у разлік патрэбнасці людзей з інваліднасцю. А таксама не будзем улічваць той патэнцыял, якім многія з іх валодаюць. Яны могуць зрабіць вялікі ўнёсак у развіццё сваіх абласцей, рэгіёнаў і ў цэлым сваёй краіны".

Сёння ў Беларусі пражываюць больш за 560 тысяч людзей з інваліднасцю, з іх 20 тысяч перамяшчаюцца на калясках.