Беларусь пацвярджае статус касмічнай дзяржавы

11 ноября 2013

Ужо зусім хутка наша краіна афіцыйна па дакументах увойдзе ў Камітэт ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы. А ўжо сёння ў Мінску абмяркоўваюць актуальныя пытанні выкарыстання касмічнай інфармацыі ў сельскай гаспадарцы і іншых сферах. На форум сёлета прыехалі прадстаўнікі з 25 краін. Правядзенне форуму ў нашай краіне стала своеасаблівым прызнаннем Беларусі як раўнапраўнага партнёра ў касмічнай галіне.


Падрабязнасці - у Ксеніі Рабчынскай. Зараз і ва ўсіх афіцыйных дакументах Беларусь - дзяржава касмічная. Наша краіна ўступае ў Камітэт ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах.


Сяргей Кілін, доктар фізіка-матэматычных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі: Беларусі гэта дасць шырокія магчымасці зносін з краінамі-удзельніцамі. Гэта, першым чынам, інфармацыя, магчымасць рэалізацыі нашых сумесных праектаў, а таксама выхад на рынак гэтых краін.


Упершыню аб уваходжанні Беларусі ў клуб касмічных дзяржаў загаварылі на міжнароднай канферэнцыі год таму - заяўка ў ААН ужо разгледжаная, а сам навуковы форум сёння адкрыўся ў Мінску.


Сяргей Чэрнікаў, прадстаўнік Упраўлення ААН па пытаннях касмічнай прасторы: У нас была вельмі вялікая цікавасць правесці форум менавіта на вашай тэрыторыі, таму што Беларусь і прылеглыя краіны вельмі актыўна ўдзельнічаюць у касмічнай дзейнасці.


Менавіта выкарыстанне касмічных тэхналогій і спадарожнікаў на карысць кожнага жыхара нашай краіны і ўсіх краін-удзельніц стала галоўнай тэмай форуму. У спісе ўдзельнікаў - 25 краін, сярод іх - Германія, Швецыя, Іспанія, Малайзія і, вядома, Расія. Тут на працягу 5 дзён выслухаюць больш за 100 дакладаў, усе аб карысці касмічных тэхналогій для сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржаў. Размова пойдзе і аб сумесных праектах - у Раскосмаса ёсць некалькі абсалютна новых прапаноў для беларускіх навукоўцаў.


Бадай, самы амбіцыйны праект ужо рэалізаваны - амаль паўтара года таму на калязямную арбіту запусцілі першы беларускі спадарожнік. Да гэтага ішлі шэсць гадоў - менавіта 22 ліпеня 2012 стала пунктам адліку Беларускай касмічнай праграмы. Сёння нашы навукоўцы ўсю інфармацыю, якую атрымліваюць з космасу, апрацоўваюць самастойна - не прыцягваючы спецыялістаў з іншых краін, а кіруюць касмічным апаратам з Мінска. Ужо распрацаваная і ўласная сістэма зандавання Зямлі.


Менавіта сюды з дапамогай гэтай спецыяльнай антэны паступае ўся інфармацыя з космасу. Прычым адразу ад двух спадарожнікаў: нашага і расійскага Канопуса. Сёння ў цэнтры ўвагі - стварэнне сумеснага прадпрыемства, якое будзе прадаваць касмічную інфармацыю: прымаць заяўкі, даваць заданні спадарожніку і выдаваць звесткі пакупнікам. У спісе патэнцыйных кліентаў яшчэ з моманту запуску спадарожніка больш за 10 краін, але ў ліку першых Азербайджан і Венесуэла.


Абмен вопытам яшчэ адна важная тэма навуковага касмічнага форуму. Тут гавораць аб развіцці касмічных сістэм, выкарыстанні тэхнікі для прадухілення катастроф, маніторынгу навакольнага асяроддзя і Зямлі ў цэлым. Зразумела, што для развіцця ўсіх гэтых кірункаў у Беларусі патрабуюцца і спецыяльна навучаныя людзі - менавіта таму ў ВНУ ўжо з наступнага года адкрыюцца новыя спецыяльнасці.


Аляксандр Жук, першы намеснік Міністра адукацыі Беларусі: У нас выстройваецца цэлая сістэма развіцця касмічнай галіны, звязаная з развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы, інфраструктуры і падрыхтоўкі кадраў. У Белдзяржуніверсітэце з'явіліся спецыяльнасці, звязаныя з апрацоўкай дадзеных са спадарожнікаў, з выкарыстаннем касмічных тэхналогій у інтарэсах народнай гаспадаркі.


Аб тым, што ў Беларусі ў прамым і пераносным сэнсе касмічныя планы, сведчыць і тое, што нашы навукоўцы плануюць запусціць на арбіту спадарожнік сувязі.


А вядучая ВНУ краіны зараз займаецца распрацоўкай асобнай праграмы. Паводле планаў, ужо праз 2 гады Белдзяржуніверсітэт адправіць у космас свой уласны спадарожнік. З прыстаўкай нана.