Беларусь плануе адмовіцца ад пластыкавай упакоўкі

11 февраля 2019

Еўрасаюз да 2021 года плануе адмовіцца ад пластыкавай упакоўкі. Ужо сёння ў спісе мер забарона аднаразовага пластыкавага посуду, адмова ад пакетаў і падатак на смецце, якое не перапрацоўваецца. Да такіх падыходаў гатова далучыцца і Беларусь. Урадам створана міжведамасная рабочая група для падрыхтоўкі прапаноў аб паэтапным замяшчэнні поліэтыленавай тары для пітной вады і напояў на шкляную. Нагадаем, такую задачу перад урадам паставіў Прэзідэнт. Экалагічны і эканамічны - аспекты маштабнага праекта ў рэпартажы Яўгена Калаўра.

Пункт прыёму другаснай сыравіны № 5, якіх па горадзе сотні. Бадай, самы першы пункт сартавання прамысловага і бытавога смецця, якое можа атрымаць другое жыццё.

У лідарах металалом і макулатура. Нягледзячы на тое што шкло замыкае рэйтынг папулярнасці па здачы, і яно ў спісе дзяржзаказу, які атрымліваюць прыёмшчыкі другаснай сыравіны.

Зваротнага шкла становіцца больш, але пакуль гэта не вырашае праблему. Толькі 40 % выпушчанага ў краіне шкла трапляе ў пункты збору. Але нават такі аб'ём, няхай і часткова, але дазваляе знізіць выдаткі прадпрыемстваў шкляной галіны. Цэлую тару можна дэзінфіцыраваць, разбітую выкарыстаць як сыравіну. Эканамічная выгада відавочная нават на энергазатратах.

Пры вытворчасці 1 тоны новых шкляных бутэлек расходуецца больш за 200 кілават-гадзін электраэнергіі і каля паўтары тоны прыроднай сыравіны. Ачыстка ж адной зваротнай тары да стану, які адпавядае ўсім санітарным нормам, патрабуе выдаткаў у некалькі разоў менш.

Зрэшты, не толькі эканоміка, але і экалогія, сцвярджаюць у Мінпрыроды. Назапашваючыся ў экасістэмах, вырабы з пластыку наносяць навакольнаму асяроддзю непапраўную шкоду.

Экалагічнасць супраць выгады - 5 да 1. У вулічным апытанні грамадская думка безумоўна на боку шкла.

Зразумела, назаўжды адмовіцца ад пластыку - задача перспектыўная. Трэба сур'ёзна настройваць увесь ланцужок: ад збору і сартавання да перапрацоўкі і вытворчасці. Сёння ў Беларусі працуюць 4 гуты. Зрэшты, інвестары бачаць перспектывы і гатовыя заходзіць на гэты рынак. У гэтым месяцы запусцілі новае прадпрыемства ў Гомелі з інавацыйнай печчу і вогнеўпорамі, якія дапамагаюць знізіць энергетычныя выдаткі, а значыць і сабекошт прадукцыі.

Для дзяржавы пераход да шкляной тары - задача выканальная, у якой напэўна прапануюць паўдзельнічаць і насельніцтву. У Беларусі да 2020 года ў буйных гандлёвых пунктах з'явяцца тараматы, падобныя на тыя, якія ўжо даўно выкарыстоўваюцца ў Еўрапейскім саюзе, дзе сістэма прыёму другаснай сыравіны карыстаецца вялікай папулярнасцю.