Беларусь адзначыла Дзень абаронцаў Айчыны

23 февраля 2018

Да святкавання Дня абаронцаў Айчыны сёння далучыліся ўсе рэгіёны. Ля помнікаў і абеліскаў было шматлюдна. Па добрай традыцыі перад пачаткам усіх урачыстасцяў удзячныя за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне нашчадкі нясуць кветкі і смуткуюць аб тых, каго з намі ўжо няма. Тых, хто мог бы радавацца дасягненням краіны, ганарыцца сучаснымі беларусамі, а галоўнае - мірным небам. Андрэй Ястрабаў пра тое, як уся краіна святкавала галоўнае мужчынскае свята.

Ракетчык, старшы лейтэнант Яўген Клімовіч вайскоўцам марыў стаць з дзяцінства. Але нават і ўявіць не мог, што аднойчы будзе трымаць раўненне ў парадным страі на сімвал мужнасці - Брэсцкую крэпасць. Для яго - унука героя вайны Фёдара Клімовіча, які дайшоў да Берліна, - Дзень абаронцаў Айчыны большы, чым свята.

Убачыць, як рота ганаровай варты нясе дзяржаўны флаг і баявы сцяг крэпасці-героя прыйшлі сёння сотні жыхароў Брэста, госці. Хвіліна маўчання - у Беларусі ўмеюць паважаць памяць і гісторыю.

Святое для кожнага беларуса месца - Буйніцкае поле. Менавіта яго называюць гісторыкі другой Брэсцкай крэпасцю. У капліцы, пабудаванай у гонар ахвяр вайны, у знак пакланення перад подзвігам загінуўшых леглі кветкі ад імя ўсіх жыхароў краіны.

Менавіта тут у далёкім 41-м пад Магілёвам доўгія 23 дні чырвонаармейцы разам з жыхарамі Магілёва стрымлівалі нямецкую армію, спыніўшы танкавую калону, якая рвецца да сэрца краіны. Пазней гэтая гісторыя стане прыкладам неймавернага гераізму беларусаў.

Як і імёны - генерала Сямёна Куцепава, ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава і легендарнага фотакарэспандэнта Паўла Трошкіна. Сёння ў Магілёве ўспаміналі герояў вайны. Асаблівыя словы падзякі гучалі ў адрас ветэранаў і тых, хто і зараз з годнасцю нясе званне афіцэра.

Героі вайны. Гэтае шчасце, што яны дажылі да нашых дзён. Для Галіны Пруднікавай з Гродна Вялікая Айчынная пачалася ў 41-м. Камандзір узвода сувязі. За спінай вызваленая Прага і палова Еўропы. На рахунку нямала ўзнагарод. Зараз і яшчэ адна - юбілейная - "100 гадоў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь". Асаблівыя віншаванні ў Дзень абаронцаў Айчыны прымаў і Леанід Данілаў. Перамогу сустракаў у Латвіі. Сёння яму ўжо 91 год. Але памятае ўсё. Як і тыя, хто прыйшоў сёння да помнікаў і абеліскаў у Гродне. Да Вечнага агню.

Эстафету свята падтрымаў і Гомель. Урачыстым маршам па вуліцах горада прайшлі войскі Гомельскага гарнізона. А яшчэ салдацкая каша на марозе, выстава ваеннай тэхнікі. У тым ліку 10-тонная гармата "Гіяцынт", якая паражае цэлі на адлегласці да 40 кіламетраў. Паказальныя выступленні 5-й асобнай брыгады спецпрызначэння Сіл спецаперацый. Свята аб'яднала ўсіх - ад малога да вялікага.

Лагойскі раён Дзень абаронцаў Айчыны і 100-годдзе Узброеных Сіл Беларусі ўжо па традыцыі сустрэў агітпрабегам "Мінск - Хатынь - Дальва". Без малога 30 кіламетраў. Стартаваў ад будынка Белтэлерадыёкампаніі. І невыпадкова. Работнік беларускага радыё Мікалай Гірыловіч шмат гадоў таму ініцыяваў стварэнне мемарыяльнага комплексу на месцы знішчанай Дальвы. У чэрвені 1944 у вёску прыйшлі фашысты і спалілі жывымі ўсіх. Мікалай Гірыловіч быў адзіным, хто тады выжыў. Яму было ўсяго 13 гадоў.

Выдзеліць некалькі хвілін з рабочага графіка для ўрачыстасці з нагоды Дня абаронцаў Айчыны ўдалося і супрацоўнікам галоўнага медыяхолдынга краіны. У холе асноўнага корпуса Белтэлерадыёкампаніі адбыўся святочны канцэрт і ўрачыстае адкрыццё выставы "Абаронцам Айчыны прысвячаецца!". З дзясятак маляўнічых палотнаў Георгія Лойкі паказваюць творчасць майстра за апошнія некалькі гадоў. На адной з карцін захаваны сапраўды гістарычны момант - першая дзяўчына-студэнтка авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі Беларусі.

Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Паміж Белтэлерадыёкампаніяй і Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь самае сапраўднае сяброўства завязалася. Мы маем вельмі цесныя зносіны і вельмі падрабязна асвятлялі тыя падзеі, якія былі летась. Я маю на ўвазе вучэнні. Вельмі сімвалічна, што сёння менавіта прадстаўнікі Узброеных Сіл і іх творчая частка прыйшлі павіншаваць нас з гэтым выдатным святам".

Павіншаваць супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі з Днём абаронцаў Айчыны прыйшлі і мастакі, і артысты, і прадстаўнікі ваеннага ведамства. І, вядома, імправізаваны канцэрт для ўсіх.