Беларусь адзначыла Дзень Незалежнасці

4 июля 2020
Беларусь адзначыла галоўнае свята - Дзень Незалежнасці! Урачыстасці прайшлі па ўсёй краіне.

У сэрцы сталіцы да Вечнага агню прыйшлі пакланіцца тысячы мінчан. Святочнае шэсце па праспекце Незалежнасці аб'яднала людзей розных пакаленняў і статусаў. Далучыўся да ўрачыстасцяў і Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў: за беларусамі - гістарычны выбар. У гарачыя саракавыя наш народ паставіў сваю незалежнасць і волю вышэй за жыццё. Цана суверэнітэту занадта высокая. І наша агульная задача - захаваць усё тое, што здабыта подзвігамі нашых герояў. У святочнай калоне моладзь, яна спадчынніца ўсяго, што зроблена за гады незалежнасці. Ёй берагчы мір і спакой на нашай зямлі. 

Шэсце па галоўным праспекце сталіцы таксама сімвалічнае. Гэта той шлях, які нашы дзяды і прадзеды прайшлі ад першых баёў у Брэсцкай крэпасці да самой Перамогі. Учора гэтай дарогай прайшлі тысячы мінчан і гасцей горада. У руках у многіх - партрэты герояў 40-х. Гэта падстава ўспомніць сваіх родных, пакланіцца іх подзвігу. 

Галоўнымі ўдзельнікамі ўрачыстасцяў сталі ветэраны. Для іх гэта яшчэ адна сустрэча са сваімі франтавымі таварышамі, прызнанне неацэннай заслугі ў дасягненні незалежнасці нашай краіны. Прэзідэнт па традыцыі цёпла пагутарыў з ветэранамі, адрасаваў ім словы падзякі і засведчыў: пакуль жывыя героі, на зямлі будзе мір!