Беларусь адзначыла Дзень маці

14 октября 2019
Усяго ў Беларусі пражываюць звыш 5 мільёнаў жанчын. А гэта крыху  больш за  53 % ад агульнай колькасці насельніцтва.

Летась  шчасце мацярынства ўпершыню адчулі амаль 37 тысяч беларусак. Другое дзіця з'явілася таксама ў 37 тысяч жанчын. Трэцяе - у 14,5 тысячы. А вось мамамі чацвярых і больш дзяцей  з'яўляюцца звыш 5,5  тысячы беларусак. Пры гэтым двайняты ў 2018 годзе з'явіліся  больш чым у  тысячы беларускіх сем'яў. А у 13 мам  нарадзіліся  адразу  трое немаўлят.

Дарэчы, сярэдні ўзрост беларускай жанчыны пры нараджэнні першага дзіцяці - амаль 27 гадоў. Самыя маладыя мамы ў Брэсцкай вобласці, амаль у адным узросце нараджаюць у Гомельскім, Магілёўскім і Гродзенскім рэгіёнах (у сярэднім 26 гадоў). У Віцебскай і Мінскай абласцях упершыню мамамі становяцца амаль у 26 з паловай гадоў. І пазней  за ўсіх нараджаюць жанчыны ў Мінску - у 28 з паловай гадоў.

Вось такая цікавая статыстыка. А вось як гэта  - быць мамай?  Пра любоў, пяшчоту і вялізную адказнасць  самы добры рэпартаж у Мікіты Дзяменцьева. 

Першыя крыкі свайго першынца Караліна Лапкоўская пачула, калі горад  яшчэ спаў. Прызнаецца, што з асаблівым трапятаннем бярэ на рукі маленькага волата. Міраслаў нарадзіўся больш за  3,5 кілаграма і 53 сантыметры ростам. Пра тое, што нараджэнне так сімвалічна супала з Днём маці, Караліна пачула з віншаванняў урачоў.

Перад самым важным момантам у жыцці кожнай жанчыны мамы знаходзяцца пад пастаянным назіраннем медперсаналу. За суткі тут нараджаюцца ад 13 да 18 немаўлят. 

У такіх утульных палатах на свет і з'яўляюцца нованароджаныя. Дарэчы, тут, у пятым радзільным доме, сёння, у Дзень маці, нарадзіліся пяцёра дзяцей. Зрэшты, яшчэ  ёсць час для таго, каб на свет з'явіліся новыя маленькія беларусы.

Імправізаваным канцэртам у першай сталічнай радзільні а капэла павіншаваў мам заслужаны артыст і тройчы тата Аляксандр Саладуха. 

Місія быць мамай - бадай, самая складаная ў свеце. Так лічыць Міхаіл Грудзінскі, калі гаворыць пра сваю жонку Кацярыну. Мама траіх дзяцей не толькі робіць здаровымі ўсмешкі сваіх пацыентаў у Верамееўскай амбулаторыі і паспявае ўсё па доме, але і разам са сваімі  дзецьмі праводзіць даследчыя работы і актыўна займаецца спортам. А сёння  захавальніца сямейнага ачага Грудзінскіх стала адной з 25 лаўрэатаў прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі.

Словы падзякі за працу і ўзорнае выхаванне дзяцей. Ганаровае званне "Маці-гераіня" і ордэн Маці сёння ўручылі 11 жанчынам у Магілёўскай вобласці. 

У Маладзечне віншаванні гучалі ў адрас адразу больш чым 500 мам з цэнтральнага рэгіёна. Акрамя  прызнання за матчыну працу арганізатары свята зладзілі выставу і конкурсы. Выбіралі самую прыгожую каляску і арыгінальны торт. 

16 мам атрымалі ордэн Маці ў сталіцы. У сям'і кожнай мінімум 5 дзяцей.


Ірына Касцевіч,  Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі: "Штогод у краіне траціцца  больш за  2 мільярды рублёў на падтрымку сем'яў, гэта дапамогі перш за ўсё. Выдатная мера, якая была запушчана з 2015 года, - гэта сямейны капітал. Калі гэты праект стаў набіраць абароты, мы ўбачылі: эфект ёсць, вынікі ёсць. Колькасць сем'яў прырасла амаль у 1,4 раза. Таму прыняты ўказ, праграма сямейнага капіталу падоўжана яшчэ на пяць гадоў".

З такой цеплынёй Анастасію Фальковіч выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната сустракаюць штораз. Сама мама (а па сумяшчальніцтве дызайнер і мадэльер) стварае асаблівыя ўборы для асаблівых дзяцей. Да кожнага свята рыхтуе новыя нумары і новыя касцюмы. Са сваёй праграмай прыязджае ў многія прытулкі, а ў тэатралізаваным мадэльным паказе задзейнічае выхаванцаў. Прычым да кожнага дзіцяці ставіцца,  як  да роднага.

Праўду гавораць:  "мама" -  першае і  самае важнае слова ў кожным лёсе. І ўсё роўна першае гэта дзіця ці  не, бо любоў да сваіх дзяцей у мам нязменная, а таму яны заслугоўваюць падзякі не толькі ў  святочны дзень, але і ў любы іншы.