Беларусь адзначыла 75-годдзе Вялікай Перамогі

10 мая 2020
Наша краіна захоўвае памяць аб тых страшных падзеях. І парад у Мінску - даніна памяці нашаму гераічнаму мінуламу. Святочны марш ля стэлы "Мінск -  горад-герой" сабраў каля 4 тысяч чалавек і амаль 2 сотні адзінак перадавой ваеннай тэхнікі. Трансляцыю праз спадарожнікавы канал нашага медыяхолдынга глядзелі больш як у 80 дзяржавах. Самыя яркія моманты ў Святланы Лук’янюк. 

Стэла "Мінск - горад-герой".  Жывыя кветкі тут гавораць, што памяць жывая. Гэта сімвал сілы духу беларусаў. Яе адкрылі 35 гадоў таму напярэдадні 40-годдзя Перамогі. Сёлета, у юбілейныя 75, ветэраны ўспамінаюць, як усё было ў 1945. 

Беларусь памятае, памятае кожнага. 4 з паловай тысячы ветэранаў і больш за 12 тысяч тых, хто перажыў гэтыя гады, з дзяцінства пазнаў, што значыць страты, голад. Ніна Качан - вязень канцлагераў - прыйшла на парад з унучкай і праўнукамі. У яе падвойнае свята.

Надвор'е сапраўды парадавала. Сонечна, але не горача. Камфортна было тым, хто вырашыў убачыць святочны парад ужывую. Адкрывалі яго нашы сувораўцы. 

У юбілейныя 75 тут па традыцыі чаканілі крок ваенныя разлікі, сінхроннасць рухаў паказвала рота ганаровай варты, былі складаныя паветраныя камбінацыі ад знішчальнікаў і верталётаў, а таксама ўся ваенна-тэхнічная моц нашай арміі. І, вядома, легендарныя ваенныя машыны 40-х гадоў мінулага стагоддзя, напрыклад, танк Т-34 - герой Вялікай Айчыннай. Усё гэта парад Перамогі ў Мінску.

Гэта не дэманстрацыя сілы, а даніна памяці нашай гераічнай гісторыі, заявіў Прэзідэнт, падкрэсліваючы, што Беларусь, як і раней, будзе верная Вялікай Перамозе - агульнаму набытку рэспублік былога Саюза.

Поўную карцінку парада Перамогі ўбачылі ў кожным беларускім доме і нават за межамі краіны. Праз спадарожнік глядзелі ў Амерыцы. Еўропе і Азіі. Сёлета аўдыторыя стала яшчэ больш шырокай - гэта Аўстралія, Кітай, Індыя. Цікавасць да ўрокаў гісторыі 40-х мінулага стагоддзя па-ранейшаму высокая. Пра гэта гаварылі нам і гледачы на трыбунах, прыйшлі калектывамі, сем'ямі з дзецьмі.

Заваяваўшы мірнае жыццё тады, рабіць яго лепшым  - ужо наша задача. Бо нараўне з ваеннай бяспекай не менш важная эканамічная, харчовая, дэмаграфічная. 

Страціўшы кожнага трэцяга тады, мы сёння беражліва захоўваем няўстойлівы мір. Імкнёмся навесці масты сяброўства з Захадам і Усходам для будучыні без страт.