Беларусь адзначае Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл

23 февраля 2019

Беларусь сёння адзначае Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл. 23 Лютага лічыцца днём памяці мужнасці і гераізму ўсіх пакаленняў, якія ў розны час адстойвалі свабоду і незалежнасць краіны. Традыцыйна ў гэты святочны дзень сваё віншаванне накіраваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

"Гэтае свята ўвасабляе сабой ратную доблесць нашага народа і пераемнасць пакаленняў у самаадданым служэнні Радзіме. За гады незалежнасці ў краіне была створана сучасная, абсталяваная найноўшымі ўзорамі ўзбраенняў і тэхнікі армія, здольная эфектыўна вырашаць пастаўленыя задачы і даць годны адпор любому агрэсару. Перакананы, што ваенная арганізацыя дзяржавы надзейна забяспечыць яе бяспеку ва ўмовах новых глабальных выклікаў і пагроз, а мір і спакой на беларускай зямлі будуць гарантаваныя і надалей, бо абарона Айчыны ў нас носіць усенародны характар. У год 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сёлетняя святочная дата набывае асаблівую значнасць. Самыя добрыя словы ўдзячнасці мы адрасуем ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія прадэманстравалі прыклад высокай доблесці і гераізму ў барацьбе з ворагам усяго чалавецтва. Іх мужнасць, стойкасць і патрыятызм назаўжды застануцца арыенцірам для нашай моладзі. Жадаю ўсім шчасця, міру, дабрабыту і новых поспехаў у службе на карысць Радзімы!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.