Беларусь адзначае Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК

18 ноября 2018

Яны ўкараняюць новыя тэхналогіі ў жывёлагадоўлю і арганічнае земляробства, развіваюць аграэкатурызм і да зярнятка збіраюць каласы на будучы хлеб. У Беларусі сёння Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Са святам работнікаў аграпрамысловага комплексу павіншаваў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка асобна адзначыў, што нялёгкая сельская праца ляжыць у аснове жыцця дзяржавы, яе незалежнасці і справядліва карыстаецца ў народзе вялікай павагай.

“Дзякуючы вашай стараннасці і руплівым адносінам да багаццяў роднай прыроды гарантавана харчовая бяспека Беларусі. Нашы якасныя натуральныя прадукты і сыравіна дазваляюць айчынным вытворцам займаць годныя пазіцыі на сусветным рынку. Усе дасягненні аграпрамысловага комплексу - гэта вынік захавання пераемнасці вопыту і ведаў ветэранаў вытворчасці, разумнага сумяшчэння традыцый і сучаснага навукова-тэхналагічнага падыходу”, - гаворыцца ў віншаванні.

За апошняе дзесяцігоддзе галіна дасягнула важкіх вынікаў. Нашы прадукты харчавання запатрабаваныя дзякуючы высокай якасці і шырокаму асартыменту. Дарэчы, экспарт сельгаспрадукцыі сёлета перавысіць узровень мінулага сезона і складзе больш за $5 мільярдаў. Пашырана і геаграфія паставак да 92 краін.