Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва па праблемах міжнароднага тэрарызму

26 ноября 2015

Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва з усімі, каму не абыякавая праблема міжнароднага тэрарызму. Пра гэта заявіў сёння Старшыня Дзяржпагранкамітэта Леанід Мальцаў падчас адкрыцця рэканструяванага будынка казармы ў навучальным цэнтры Інстытута пагранічнай службы Беларусі ў Смаргоні. Рэканструкцыя была праведзена па сумесным з ЕС/ПРААН праекце процідзеяння нерэгулярнай міграцыі. Яго асноўная мэта - не толькі павышэнне патэнцыялу беларускіх вартавых мяжы, але і забеспячэнне захавання правоў бежанцаў, ахвяраў гандлю людзьмі, непаўналетніх, што перасякаюць мяжу без суправаджэння дарослых.

Леанід Мальцаў, Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі: "Гэта сапраўды сумесны праект. Што ён дае? Ну, вядома, ён дае для нас сур'ёзную матэрыяльную базу ў дадзеным выпадку для павышэння якасці навучання. А мы, павышаючы якасць навучання, павышаем якасць працы і на пунктах пропуску, і на зялёнай мяжы, і ў аператыўна-вышуковай дзейнасці, і ў ідэалогіі".

Толькі ў 2015 годзе міжнародныя арганізацыі аказалі дапамогу Дзяржпагранкамітэту амаль на 3 мільёны еўра. Акрамя рэканструкцыі, сюды ўвайшла таксама закупка абсталявання і тэхнікі для навучальных класаў Інстытута пагранслужбы, а таксама навучанне нашых спецыялістаў. На 2016 год ужо падпісаны праекты на 2 мільёны еўра.