Беларусь накіравала ў Сірыю гуманітарную дапамогу

25 сентября 2017

Беларусь накіравала ў Сірыю гуманітарную дапамогу - склады загрузілі адзеннем, прадуктамі харчавання і абуткам. Спачатку ўвесь груз чыгуначным шляхам пройдзе да Клайпеды, а пасля яго пагрузяць на танкеры і морам павязуць у Сірыю. Дастаўкай беларускай гуманітарнай дапамогі ў сірыйскі порт Латакія займаецца МНС нашай краіны, а фінансуецца за кошт сродкаў бюджэту. Сума ўсёй дапамогі - паўмільёна рублёў. Нагадаем, гэта ўжо трэцяя пастаўка гуманітарнай дапамогі ад беларускага боку. Год таму ў Сірыю адправілі 45 тон тавараў першай неабходнасці.

Аляксандр Худалееў, намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі:

"Акрамя гэтага, у склад гуманітарнага грузу ўвайшлі тры самазвалы, якія будуць дастаўлены праз месяц. Адгрузка будзе ажыццёўлена ў найбліжэйшы час з завода МАЗ. Гэтае рашэнне было прынята кіраўніцтвам краіны. Я думаю, у дадзеным выпадку незалежна, быў зварот або не, там у першую чаргу былі ўлічаны патрэбнасці краіны Сірыі".

Варта адзначыць, што МНС больш за 50 разоў ажыццяўляла дастаўку гуманітарнай дапамогі ў розныя краіны. Адзін з апошніх грузаў быў адпраўлены ва Украіну ў чэрвені.