Беларусь пачынае маштабнае святкаванне Дня Незалежнасці

1 июля 2016

Увечар у Палацы Рэспублікі адбудзецца ўрачысты сход і канцэрт. У Год культуры іх лейтматывам стане тэзіс "Культура - гэта падмурак, на якім развіваецца нацыя".

А 3 ліпеня жыхары Беларусі адсвяткуюць Дзень Незалежнасці парадам. Літаральна гадзіну таму ў сталіцы прайшла генеральная рэпетыцыя яго паветранай часткі.

І на сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Сяргей Шуманскі.

Святкаванне Дня Незалежнасці Беларусі ў самым разгары. І сёння прайшла генеральная рэпетыцыя паветранай часткі парада. У неба над Мінскам паднялася баявая авіяцыя. Прычым сённяшні трэніровачны маршрут быў дакладна такі ж, якім крылатыя машыны праляцяць над стэлай падчас самога парада.

З'яўленне авіяцыі запланавана на 10:34. Так было сёння, так будзе і 3 ліпеня. Абсалютная большасць тэхнікі будзе вылятаць з ваеннага аэрадрома ў Мачулішчах. Акрамя трох верталётаў Мі-2, якія паднімуцца ў паветра з пляцоўкі ў Баравой. Менавіта яны і адкрыюць паветраную частку парада.

На вышыні 150 метраў вінтакрылыя машыны пранясуць флагі Беларусі. Затым у небе з'явяцца 4 ударныя верталёты Мі-24, іх зменяць чатыры Мі-8 у баявым парадку. А завершаць верталётны строй 4 найноўшыя разведвальна-ўдарныя машыны К-52 "Алігатар".

Услед за верталётамі ў небе з'явяцца самалёты. Першымі гледачы ўбачаць ваенна-транспартны Ан-26 у суправаджэнні чатырох штурмавікоў Як-130. За імі праляціць група з шасці бамбардзіроўшчыкаў Су-25, якія выпусцяць у неба маляўнічы салют. Затым над стэлай "Мінск - горад-герой" з'явяцца лётчыкі з Расіі - чатыры франтавыя бамбардзіроўшчыкі Су-34 і яшчэ столькі ж знішчальнікаў Су-30.

Услед за гасцямі пройдзе баявы клін з шасці знішчальнікаў МіГ-29, а завершыць паветраную частку парада транспартны самалёт Іл-76 у суправаджэнні пілатажнай групы "Белая Русь". Па традыцыі пілоты-асы на самалётах Л-39 апішуць у небе фігуры вышэйшага пілатажу і выпусцяць разнаколерны дым.

Усяго ў паветраным парадзе будуць удзельнічаць больш за 40 верталётаў і самалётаў. Яны праляцяць над Мінскам на вышыні 150 і 250 метраў адпаведна. Як паказвае практыка, з такой адлегласці ад зямлі нават пры вялікай хмарнасці ўсё выдатна відаць. Паводле плану, 3 ліпеня авіяцыя выступіць адразу пасля праходжання механізаванай калоны. А падоўжыцца авіяшоу каля 6 хвілін.