Беларусь на сусветным чэмпіянаце прафмайстэрства WorldSkills прадставяць 36 чалавек

5 Жніўня 2019
Беларусь прыме ўдзел  трэці раз. Зараз у нашай каманды падрыхтоўка  ў самым разгары. У якіх майстэрнях трэніруюцца юныя ўдзельнікі,  і паводле  якіх стандартаў,  пацікавілася Юлія Хмель.

Практычна штодня па 8 гадзін навучэнец 5-га мінскага ліцэя Андрэй Трафімаў праводзіць у майстэрні. Тут ён адточвае  навыкі цаглянага мура. І ўсё  пад кіраўніцтвам вопытнага майстра. Зрэшты,  для хлопца гэта не проста заняткі, а ўжо любімая справа. 

Юны муляр - адзін з удзельнікаў міжнароднага конкурсу прафмайстэрства   WorldSkills у Казані. Таму зараз усе сілы накіраваныя на тое, каб годна прадставіць Беларусь на маштабным спаборніцтве. Бо тут важная кожная дэталь,  аж да міліметра.

І калі за баламі яшчэ можна ўсачыць, то самі заданні - нібыта чорная скрыня. Загадзя ніхто не ведае, якая будзе работа. Таму тут, у ліцэі, адпрацоўваюць тыя практыкаванні, якія былі на мінулых чэмпіянатах. Напрыклад, ужо адточаны  14 модуляў з Германіі, Францыі, Арабскіх Эміратаў. 

А гэта адзін з модуляў. Ён быў на чэмпіянаце Еўропы ў Швецыі. Выкананы ў выглядзе дзвюх арак. Напрыклад, тут акрамя  звычайнага мура цэглы, яшчэ трэба выканаць чарцёж. А пасля зрабіць два шаблоны з ДСП. Усяго на выкананне гэтага задання адводзіцца роўна 8 гадзін. 

Вытворчасць мэблі - яшчэ адзін моцны бок беларускай каманды. Тут з дрэвам  на ты. Змайстраваць тумбачку, стол або нават шуфлядку ў выглядзе шахматнай дошкі для юных спецыялістаў не складана. 

 Навучэнцы пятага ліцэя ўжо з вялікім вопытам. Сёлета яны паспелі прайсці стажыроўку ў Даніі і Фінляндыі, дзе атрымалі навыкі працы паводле  еўрапейскіх стандартаў. Усяго нашу каманду на сусветным чэмпіянаце прадставяць 36 чалавек з усёй Беларусі. 

Сусветны чэмпіянат прафмайстэрства  WorldSkills пройдзе  45-ты раз. Казань стане цэнтрам прыцягнення маладых прафесіяналаў усяго свету. За медалі пазмагаюцца  рабочыя з 63 краін. І хай не ўсе атрымаюць узнагароды, але пра  кожнага можна  сказаць: сапраўды майстар на ўсе рукі.