Беларусь і Японія пашырылі сумесную праграму "Карані травы"

3 февраля 2018

Беларусь і Японія пашырылі сумесную праграму "Карані травы" - яна накіраваная на паляпшэнне жыцця. У рамках праекта Краіна ўзыходзячага сонца вылучыла грант на закупку абсталявання для трох бальніц Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Сума - звыш двухсот тысяч долараў. Такія меры накіраваныя на дапамогу людзям, пацярпелым ад радыяцыі.

Хірокі Такунага, пасол Японіі ў Беларусі: "Мы вельмі рады рэалізаваць такія праекты менавіта ў Беларусі. Мы заўсёды гатовыя прымаць заяўкі на праекты ад розных арганізацый".

Валерый Скакун, дырэктар дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Беларусі: "Пасольства Японіі менавіта ў рамках гэтай праграмы накіроўвае сродкі на ключавыя, асобныя праблемныя пытанні, якія, безумоўна, неабходныя для нашых грамадзян і нашых устаноў".

Адзначым, што краіны пусцілі "Карані травы" яшчэ ў 2004 годзе. За гэты час Мінск і Токіа запусцілі 41 праект амаль на тры з паловай мільёны долараў. Гэта не толькі медыцынскае абсталяванне, але і праграмы для развіцця жыццядзейнасці чалавека. Неўзабаве іх працягнуць. На чарзе - культура і спорт.