Беларусь і Расія створаць сумесную вытворчасць вакцыны супраць каранавіруса. Прадпрыемства будзе знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта сёння гаварылі на сустрэчы прэм'ер-міністраў дзвюх краін. Яна адбылася ў Доме ўрада ў Маскве.
Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі
Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, у Беларусі і Расіі ёсць усе перадумовы пераадолець спад ва ўзаемным гандлі, які выклікалі наступствы пандэміі. За 11 месяцаў мінулага года доля Расіі ў знешнім гандлі таварамі і паслугамі склала 44 %. Крытычнага зніжэння не адбылося. Агульныя аб'ёмы страт - каля 20 %. Але за кошт рэзерваў у сельскай гаспадарцы, прамысловасці і будаўніцтве ёсць усе магчымасці іх пераадолець. Таксама прэм'ер-міністр Беларусі адзначыў важную ролю рэгіянальнага супрацоўніцтва і сумесных праектаў. Адзін з самых значных - запуск Беларускай АЭС.
Прэм'ер-міністры абмеркавалі таксама тэму адкрыцця транспартных зносін паміж Беларуссю і Расіяй. Калі сітуацыя з каранавірусам стабілізуецца, то межы адкрыюць у найбліжэйшы час. Размова ішла і аб пераразмеркаванні беларускіх грузаў з краін Балтыі ў расійскія парты. У найбліжэйшы час будзе падпісана пагадненне, выгаднае абедзвюм краінам.













