Беларусь рыхтуецца маштабна адзначыць Дзень Незалежнасці

26 июня 2017

Роўна тыдзень застаецца да важнага свята ў нашай гісторыі. Беларусь рыхтуецца маштабна адзначыць Дзень Незалежнасці. Сёння пачаліся фінальныя трэніроўкі авіяшоу. Яны праходзяць па "люстраным маршруце" - гэта значыць паралельна асноўнаму руху з невялікім зрушэннем у адну-дзве секунды. Такая няпростая задача стаіць перад пілотамі авіяцыі. 

Маштабную падрыхтоўку вядзе і галоўны медыяхолдынг краіны. 3 ліпеня ў эфіры вялікага інфармацыйнага канала мы пакажам самыя яркія моманты Дня Незалежнасці, прамыя ўключэнні, віншаванні, народныя гулянні, салют і, вядома, сам парад. Ля стэлы "Мінск - горад-герой" будзе працаваць выязная студыя. Правядзём гэты дзень разам, усёй краінай! Агенцтва тэленавін запусціць і тэматычныя хэштэгі #ПарадLive, #мыБеларусь і іншыя, каб кожны мог стаць часткай грандыёзнага свята.

Аб падрыхтоўцы да Дня Незалежнасці Аляксандр Смірноў. Паняцця "люстраны маршрут" не існуе. Калісьці кімсьці вымаўленая фраза настолькі добра адлюстроўвае тое, што адбываецца, што яна засталася нават ва ўжытку вайскоўцаў як тэрмін. Рэч у тым, што гэты пралёт авіяцыі практычна цалкам паўтарае асноўны, праходзіць паралельна, але са зрушэннем 8 кіламетраў.

Упершыню тэлевізіёншчыкаў так блізка падпусцілі да самалётаў, якія рыхтуюцца да ўзлёту ў баявых парадках. Менавіта тут, на аэрадроме Мачулішчы, стартуе паветраная частка парада. У небе кожнае звяно займае сваё месца ў строгай чарговасці. У кожнага з іх розныя маршруты да пункта прызначэння, час узлёту, праходу і хуткасці перамяшчэння. Галоўнае - што ў выніку ўсё павінна атрымацца прыгожа на зададзеных інтэрвалах.

Сёння прайшоў першы аб'яднаны пралёт. Такім чынам, гавораць ваенныя, пачаліся фінальныя трэніроўкі самай відовішчнай часткі парада. Асаблівасць гэтага года ў тым, што паветраная калона - своеасаблівая зборная. Аснову складаюць ВПС Беларусі, але акрамя гэтага паляцяць звёны МНС, ДТСААФ і ВПС Расіі.

Па традыцыі ў галаве паветранай калоны верталёты Мі-8 з нацыянальным флагам, штандарамі Узброеных сіл і ВПС. Вышыня пралёту - 60 метраў. Затым у небе з'яўляецца добра знаёмы сілуэт самага грузападымальнага верталёта ў свеце - гэта Мі-26 у складзе звяна Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Яго суправаджаюць два канадцы AS-355. Гэта рознатыпныя машыны, але трымаюцца добра, і глядзіцца хораша - дае сваю ацэнку камандаванне. Ну а завяршаюць марш вінтакрылых машын зубастыя алігатары - расійскія К-52. Пілоты і камандаванне працягваюць працаваць над ухіленнем нават невялікіх недахопаў. У планах адхіленне ад зададзенага часу скараціць да адной-дзвюх секунд. А гэта ўжо снайперская дакладнасць.

Верталёты ў калоне змяняюць самалёты. Першымі ідуць прафесіяналы ДТСААФ на Як-52. Як прызналіся вайскоўцы, менавіта гэтая арганізацыя рыхтуе пілотаў для Узброеных сіл, таму падчас трэніровак пасля невялікай прыціркі ўсё стала на свае месцы. Звёны змяняюць адно другога, і вось на гарызонце з'яўляецца гігант Іл-76. Ваенна-транспартны самалёт, быццам карабель, павольна праплывае над галовамі, але гэта ўсяго толькі ўражанне ад гэтага паветранага волата - яго хуткасць 500 кіламетраў за гадзіну, а вышыня пралёту 250 метраў. Адметнасцю ваеннага відовішча стане пралёт Л-39, якія расфарбуюць неба ў колеры нацыянальнага флага.

Сёння ў паветры мы не ўбачылі два звяны. Гэта расійскі складальнік групы самалётаў: Су-27 і Су-34 з'явяцца ўжо заўтра. Як нас запэўнілі, самалёты будуць выконваць заданне, узлятаючы з аэрадрома Шаталава ў Смаленскай вобласці - да Мінска прыкладна гадзіна лёту. Пасля гэтага паветраныя асы вяртаюцца на месца базіравання.

Варта адзначыць, што пралёты над горадам запланаваныя на 29 і 30 чысла. Таму ўжо хутка ў Мінску можна будзе назіраць і гэтую прыгожую частку парада. Але многае залежыць ад надвор'я - час і колькасць вылетаў будуць карэкціравацца. Ну а ўсю страву цалкам пад назвай "ваенны парад" арганізатары пададуць раніцай 3 ліпеня - у Дзень Незалежнасці.