Беларусь рыхтуецца да аднаго з самых важных дзяржаўных свят - Дня Незалежнасці

28 июня 2016

З гэтай нагоды ў кожным раёне сталіцы запланавана больш за паўсотні спартыўных, забаўных і музычных мерапрыемстваў. Сёлета насычаная праграма будзе доўжыцца тры дні. Яе прысвяцілі беларускай культуры і самабытнасці. Галоўнай пляцоўкай для народных гулянняў стане тэрыторыя ля Палаца спорту.

А ў Дзень Незалежнасці – 3-га ліпеня - ля стэлы «Мінск – горад-герой» пройдзе парад. Кульмінацыяй свята стане ўрачысты салют. Праграма святкавання - у рэпартажы Аляксандры Драгун.

Перапляценне аўтэнтычных узораў на падоле сукенкі, кішэнях пінжака ці манжэтах кашулі… Адметная рыса дызайнерскіх убораў Веранікі Клюевай. Дзяўчына без двух дзён дыпламаваны мадэльер-канструктар, але ўжо са сваім асаблівым стылем і гардэробам каларытнага адзення, якое летась пакарыла журы на спаборніцтве «100 ідэй для Беларусі».

У тым ліку ў такіх камплектах прадэфіліруюць мадэлі ля Палаца спорту падчас святкавання Дня Незалежнасці. Па традыцыі тэрыторыя ля набярэжнай стане галоўнай пляцоўкай для народных гулянняў - ад фолк-кірмашу да спаборніцтваў па сілавым экстрыме. Адной з асаблівасцей маладзёжнай праграмы сёлета стане мастацкае ўвасабленне нацыянальных арнаментаў і сімвалаў.

Аматараў аўтэнтычных узораў і арнаментаў заахвочваюць да фотаспаборніцтва. Дастаткова зрабіць селфі ў каларытным убранні ці аксесуары, размясціць яго у сацыяльных сетках абавязкова з хэштэгам – вышыванка, беларусь, конкурс. Самага крэатыўнага аўтара вызначаць напярэдадні Дня Незалежнасці – 2 ліпеня.

Марафон аўтапартрэтаў стартаваў. Ужо сёння галерэя налічвае больш за сотню здымкаў.

У Дзень Незалежнасці ў кожным раёне горада мінчан і гасцей сталіцы чакае свая насычаная праграма. У раскладзе – больш за паўсотні спартыўных, забаўных і музычных падзей. Бадай, цэнтральнае месца займае самае відовішчнае - парад войск Мінскага гарнізона. Пачатак - 3 ліпеня ў 11 гадзін ля абеліска «Мінск - горад-герой».

А роўна ў 23 гадзіны неба над вячэрнім Мінскам упрыгожаць рознакаляровыя промні салюту. У горадзе яго можна будзе ўбачыць з 6 пунктаў. Услед за маляўнічай прадоўжыцца феерыя музычная - на плошчы перад абеліскам «Мінск - горад-герой» выступяць эстрадныя калектывы.