Беларусь гатовая прыняць Генеральную асамблею Сусветнай турыстычнай арганізацыі ў 2023 годзе

9 апреля 2015

Мы зможам правесці яе на годным узроўні, для гэтага ў нас ёсць усе магчымасці. Гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на сустрэчы з кіраўніком гэтай міжнароднай структуры. Беларусь штогод наведвае 5 мільёнаў турыстаў, але мы лічым, што гэта мала, адзначыў прэм'ер. Яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, каб турызм стаў высокапрыбытковай галіной. У гэтым плане вопыт Сусветнай турысцкай арганізацыі для нас карысны.

Талеб Рыфаі, Генеральны сакратар Сусветнай турыстычнай арганізацыі: "Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і СТА павінна быць больш актыўным і гэтая актыўнасць павінна выяўляцца не ў найбліжэйшыя гады, а ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы. Мы гаварылі аб стратэгічным планаванні развіцця турызму, аб тым, як трэба прасоўваць Беларусь на міжнароднай арэне, як спрыяць развіццю яе іміджу і рабіць так, каб больш замежных турыстаў прыязджала сюды, і свет даведаўся пра Беларусь".

Наша краіна зацікаўлена ў прыездзе да нас тэхнічнай місіі Сусветнай турыстычнай арганізацыі. Гаворка ідзе аб укараненні методыкі дапаможнага рахунку турыстаў і распрацоўцы плана развіцця ўнутранага турызму.