Беларусь павінна стаць свабоднай ад таксічнага і канцэрагеннага абсталявання

12 сентября 2019

Такая задача  стаіць перад краінай на найбліжэйшыя 10 гадоў. Дарэчы, задача няпростая,  бо небяспечнае абсталяванне ў савецкія гады тонамі назапашвалася на прамысловых прадпрыемствах. Паўстагоддзя  таму такая тэхніка лічылася панацэяй ад  многіх праблем і абяцала краіне пераўзбраенне і тэхнічны прарыў. Сёння ж экалагічная сітуацыя ў свеце дыктуе пераход на зялёныя тэхналогіі і адмову ад хімічна небяспечных рэчываў. Ці рэальна гэта зрабіць у нашай краіне і галоўнае  як - каля 80 эколагаў і прадстаўнікоў міжнародных грамадскіх арганізацый абмяркоўвалі ў Гомелі. Падрабязнасці тэмы  ў Ганны Кавалёвай.

У Еўропе будуць абясшкоджаны 22,5 тоны хімічных адходаў Беларусі.

На тэрыторыі гэтага прадпрыемства ў Рэчыцкім раёне захоўваецца больш за 40 з выгляду звычайных металічных скрынь. Насамрэч усё гэта -  небяспечная спадчына савецкіх часоў. Старыя кандэнсатары і трансфарматары. У іх утрымліваюцца таксічныя і канцэрагенныя рэчывы, небяспечныя для экалогіі і здароўя чалавека

Вось такія адходы зараз захоўваюць больш за 700 прадпрыемстваў краіны. Агульная вага небяспечнага грузу - каля 4 тысяч тон. У Беларусі пакуль такія адходы нідзе не абясшкоджваюць. Займаюцца гэтым толькі ў Еўропе.

Праўда, вывезці іх туды самастойна беларускія прадпрыемствы часцей за ўсё не могуць. Еўрапейскія стандарты па транспарціроўцы хімічных грузаў неймаверна высокія, таму дагэтуль не заставалася нічога, акрамя як назапашваць устойлівыя арганічныя забруджвальнікі. З мёртвага пункта сітуацыю зрушыў новы для краіны экалагічны праект. Яго мэта - прыкладна за год вывезці з Беларусі і абясшкодзіць 22,5 тоны небяспечных адходаў.

Пётр Сачек,  каардынатар экалагічнага праекта: "У Рэспубліцы Беларусь няма магутнасцяў для знішчэння  такога класа адходаў, і таму для Беларусі гэта экалагічная праблема, якую прапанавала вырашыць грамадскае аб'яднанне "Экалагічная ініцыятыва" і на вырашэнне якой Еўрапейскі саюз выдзеліў каля 100 тысяч еўра". 

Праект пачалі рэалізоўваць з Гомельскай вобласці не проста так. Рэгіён  сярод лідараў па запасах шкодных адходаў. Пры гэтым адзін з самых насычаных прамысловымі прадпрыемствамі. Дарэчы, менавіта ў гэтым рэгіёне плануюць пабудаваць уласны аб'ект па абясшкоджванні адходаў. 

Андрэй Пінігін на вырашэнне гэтай праблемы патраціў 12 гадоў жыцця. У пошуках замежнага вопыту і тэхналогій абясшкоджвання, якія можна было б прывезці ў Беларусь, аб'ездзіў усе кантыненты. 

Адмовіцца ад састарэлага канцэрагеннага і таксічнага абсталявання Беларусь абавязана  згодна са  Стакгольмскай канвенцыяй, якую разам з ёй падпісаў практычна ўвесь свет.  Поўнасцю свабоднай ад небяспечных адходаў наша краіна стане да 2028 года.