Беларусь робіць стаўку на рэгіянальнае развіццё

31 марта 2016

Чарговы крок падтрымкі малых гарадоў і сельскіх населеных пунктаў сёння замацавалі ў Мінску выканкамы 30-ці раёнаў Беларусі і праграма развіцця ААН. Галоўная ідэя - інавацыйны падыход да развіцця мясцовых тэрыторый. Дзяржава заўсёды падтрымлівае і прыватныя ініцыятывы ў эканамічнай сферы, і новыя сацыяльна-культурныя праекты, ствараючы пры гэтым рабочыя месцы і камфортныя ўмовы жыцця. Вось і на гэты раз пілотныя раёны атрымаюць фінансавую дапамогу для рэалізацыі сваіх ініцыятыў. Пра новы глабальны праект раскажа Святлана Лук'янюк.

Гэты музей у пасёлку Азёрны адзіны ў свеце. Тут усё, што звязана з жыццём і творчасцю вядомага кампазітара ХІХ стагоддзя Станіслава Манюшкі на яго малой радзіме: першыя запісы, афішы і касцюмы з пастановак, у якіх гучала яго музыка. Але гэтаму будынку ўжо за 60-т. Дах і падлога ў аварыйным стане. І ацяплення няма.

Для музея свайго земляка ўжо нагледзелі новы адрас у пасёлку Смілавічы, дзе Манюшка напісаў першыя ноты. І сваімі сіламі абнаўляюць будынак былой музычнай школы.

Даведаўшыся пра конкурс ініцыятыў ААН па развіцці рэгіёнаў, вырашылі паўдзельнічаць. І іх праект падтрымалі. Чэрвенскі раён сярод трыццаці лепшых раёнаў Беларусі, дзе мясцовыя ініцыятывы атрымаюць сродкі на ўвасабленне.

Такія аб'екты - гэта пашырэнне магчымасцяў унутранага турызму. Ён пацягне за сабой адкрыццё новых гасцініц, пунктаў харчавання, новых турыстычных маршрутаў. Ініцыятывы ААН сёння гучаць ва ўнісон з эканамічнай стратэгіяй развіцця Беларусі. Бо малым гарадам і сёлам у нас надаецца самая пільная ўвага на вышэйшым узроўні. Прэзідэнт не аднойчы гаварыў, што разглядае развіццё рэгіёнаў як адзін з пунктаў росту беларускай эканомікі. Там ствараюцца новыя вытворчасці, пашыраецца сфера паслуг, ствараюцца камфортныя ўмовы для вядзення бізнесу.

А новая праграма ААН - гэта дадатковая магчымасць для малога горада заявіць аб сабе.

Санака Самарасінха, Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі: "Мы ўпершыню ахопліваем такую вялікую колькасць раёнаў Беларусі. Хацелі б, каб вы знаходзілі канструктыўныя механізмы, якія б задзейнічалі ў працэс кіравання раёнам простых грамадзян, каб яны выпрацоўвалі рашэнні, якія падыходзяць менавіта для іх".

Сёння 30 раёнаў Беларусі (па 5 ад кожнай вобласці) гатовыя выпрабаваць тэрытарыяльна арыентаваны падыход, пра які гавораць прадстаўнікі ААН. Словам, выявіць асаблівасці і вырашыць сённяшнія праблемы мясцовага ўзроўню. Гэтыя крокі Беларусь падтрымлівае. Прычым у цеснай звязцы мясцовай вертыкалі, бізнесу і простых жыхароў. Хто як не яны ведаюць, чаго сёння не хапае ім для камфортнага жыцця. Такія ініцыятывы знізу і падтрымлівае ААН.

Пасля ўручэння мемарандумаў асноўная барацьба за лепшую ініцыятыву разгорнецца ўжо ў раёнах. Тыя, хто дакажа, што іх праект лепшы і сапраўды патрэбны, атрымаюць фінансаванне на яго рэалізацыю ад ААН.

Кожнаму раёну па 70 тысяч еўра на ініцыятывы, якія дапамогуць удыхнуць новае жыццё ў сваю тэрыторыю - ці то сельская гаспадарка, ахова здароўя, сацыяльная сфера або культура.

Гэта тыя праекты, якія ўжо сёння сталі вызначальнымі ў выбары раёнаў для пілотных праектаў ААН. Колькі ў выніку ініцыятыў будзе фінансава падтрымана ў кожнай мясцовасці, стане вядома да канца года.