Беларусь 1 у шакаладзе

4 сентября 2014

Эмблема нашага тэлеканала - сярод экспанатаў самой смачнай выставы краіны. Сёння ў Мінску кандытар Нікаля прэзентаваў скульптуры і карціны, вырабленыя з шакаладу. Спецыяльна для вернісажа ў сталіцы майстар прысвяціў шэраг твораў беларускай культуры.


Ці ядомыя экспанаты і які ў іх працэнт какавы - з салодкага музея рэпартаж Іны Пілевіч.


Малюе пакуль горача! У кандытара Мікалая Папова, або як яго клічуць на французскі манер Нікаля, няма часу на роздумы ў момант напісання шакаладнай карціны. Працаваць трэба хутка, інакш салодкая фарба застыне і пачне крышыцца. Свае творы піша шакаладам па шакаладным палатне і апраўляе ў шакаладны багет.


Мікалай Папоў, шакалацье: У шакалад дабаўляецца звычайны харчовы фарбавальнік з дапамогай якога атрымліваецца прыгожы малюнак. У адценняў больш як 16 найменняў. Усе фарбавальнікі цалкам харчовыя, ядомыя.


Паўтоны шакалада ў экспазіцыйных вітрынах. Менавіта столькі зыходнага матэрыялу пайшло ў майстра на стварэнне выставы. Дарэчы, Нікаля закупляе салодкую масу выключна ў беларускіх вытворцаў. Для высокіх фігур выкарыстоўвае ласунак з вялікім працэнтам какавы - тады скульптура атрымліваецца больш трывалай і стойкай.


Шакаладная скульптура - мастацтва недаўгавечнае. Падчас экспанавання і транспарціроўкі смачныя шэдэўры часта даюць расколіну. Таму перад новай выставай твора праходзяць рэстаўрацыю, а часта і рэканструкцыю.


Спецыяльна для выставы ў Мінску Нікаля стварыў копію самага вядомага экспаната Нацыянальнага гістарычнага музея - пояса Вітаўта. Сярэбраныя пазалочаныя медальёны выглядаюць як сапраўдныя. А вось на густ - горкі шакалад.


Спецыяльна да вернісажа Нікаля напісаў герб беларускай сталіцы. А таксама перанёс малюнак самога музея са старажытнай паштоўкі на шакаладнае палатно. Аўтар выкарыстоўвае такія тэхнікі, як лепка, пераплёт, ліццё. Напрыклад, для стварэння шакаладнага Эйфеля выліў 512 дэталяў. Салодкая копія парыжскай вежы важыць 45 кілаграмаў і ў 150 разоў ніжэйшая за арыгінал.


З белага, малочнага, чорнага ласунка - егіпецкая піраміда, раяль, карэта, калекцыя зброі, масак і яйкаў Фабержэ. Але гэтага майстру мала - плануе напісаць самую вялікую шакаладную карціну ў свеце. Палатно вагой 2 сотні кілаграмаў расфарбуе ў прысутнасці прэсы ўжо ў кастрычніку.