База адпачынку “Электрон” нясе значныя страты

6 октября 2018

Адна з перспектыўных баз адпачынку пад Брэстам, на Белым возеры, нясе значныя страты. За мінулы год яны склалі 142 тысячы рублёў. Запаўняльнасць у некаторыя месяцы склала ўсяго 2%. Належыць база энергетыкам, а госці з іншых арганізацый тут бываюць рэдка. Чаму перспектыўнае турыстычнае месца не прыносіць прыбытку? – высвятляла наша здымачная група.

Расказвае Вікторыя Патоня

База адпачынку “Электрон” знаходзіцца на беразе возера Белае. Прывабнае месца для рыбакоў і аматараў ціхага палявання. Уздоўж берага распасціраюцца іншыя зоны адпачынку і санаторый. Але ў адрозненні ад іх на “Электроне” ціха. Пра існаванне базы, здаецца, мала хто ведае. Ніякай рэкламы, тэлефонаў, інфармацыйных таблічак… Калі б і хацеў адпачыць, то цяжка зарыентавацца, куды звяртацца. Нас сустракае дворнік і тут жа спяшаецца схавацца. “Сапраўднае дэжавю”, - кажа дзяржкантралёр Вольга Шаўчэнка. Як паказала праверка тры месяцы таму, аналагічная сітуацыя тут была і раней.

База адпачынку мае 118 нумароў. Асобныя летнія домікі і пакоі ў асноўным корпусе. У сезон водпускаў тут больш гасцей, у верасні на момант чарговага маніторынгу было зарэгістравана ўсяго 6 адпачываючых. Пра цяжкае фінансавае становішча аб’екта сведчаць падача гарачай вады па раскладзе, большасць нумароў закрыта. Офіс начальніка размешчаны за 40 кіламетраў, у Брэсце. На працягу некалькіх гадоў база працуе не ў плюс, а ў мінус.

Асноўны корпус ацяпляецца, прымаць турыстаў тут могуць круглы год. У 3 нумарах з 50 зрабілі рамонт і тут ужо спыняліся госці з Расіі. Летам у якасці эксперыменту адкрылі кафэ, але работа яго рэнтабельна толькі калі шмат наведвальнікаў. Зараз яно не працуе. Па словах новага начальніка базы Ірыны Харкоўскай, з кліентамі яны працуюць па сродках Інтэрнэту і спрабуюць ажывіць турыстычную зону.

У міжсезонны перыяд, каб прыцягнуць турыстаў на базу адпачынку, тут нават прадугледжана скідка на пуцёўкі да 30%. Але ахвочых скарыстацца паслугай няшмат. Без належнага сэрвісу, рэкламы і сур’ёзнай работы з кліентамі тут наўрад ці можна дасягнуць добрага выніку.