Бананы, гранаты, ананасы і кафейнае дрэва вырошчваюць ў цяпліцах у Лідзе

27 апреля 2019

Беларускія бананы, гранаты, ананасы і кафейнае дрэва - гэта далёка не фантастыка. У Лідзе супрацоўнік мясцовага Зелянбуда на працягу некалькіх гадоў займаецца вырошчваннем экзатычных раслін. Сакрэт просты - ведаць тэхналогію і з любоўю ставіцца да справы, тады і паўднёвыя лімоны ці мандарыны растуць, як звычайныя агуркі і таматы. Пабываць у тропіках, не пакідаючы Беларусь, удалося Юрыю Карняловічу.

Кумкват, цытрон, калістамат, фейхоа - усё гэта назвы экзатычных раслін, пра існаванне якіх большасць беларусаў нават і не здагадваецца. А майстар-азеляніцель з Ліды Сяргей Ярашэвіч вось ужо 15 гадоў вырошчвае іх у сваёй аранжарэі. Ён ведае практычна ўсё пра кожнае сваё дрэўца.

Раслінамі Сяргей Ярашэвіч захапіўся яшчэ ў дзяцінстве, нават працаваў некаторы час у біялагічным цэнтры. Аднак ажыццявіць сваю мару - вырасціць самастойна трапічныя фрукты - змог толькі ў Зелянбудзе. Кіраўніцтва такую ідэю падтрымала, і хутка ў імправізаванай аранжарэі з’явіўся экзатычны саджанец.

На рахунку азеляніцеля - паспяховае развядзенне кафейных дрэў, бананаў, ананасаў і нават так званых атмасферных раслін, якія не маюць каранёў, а харчаванне і вільгаць атрымліваюць з паветра.

У калекцыі экзатычных раслін Сяргея Міхайлавіча самым прадуктыўным аказаўся лімон. Да прыкладу, вось тут, у гэтай цяпліцы, зараз вырошчваюцца каля 300 саджанцаў. І ўсе яны пладаносяць.

Незвычайнае захапленне свайго майстра падтрымліваюць і калегі. Прызнаюцца: трапічная аранжарэя - гонар усяго прадпрыемства.

Сотня экзатычных раслін - гэта толькі пачатак, запэўнівае майстар. Сваю аранжарэю ён плануе пашыраць. Трапічная садавіна, вырашчаная ў Лідзе, павінна стаць мясцовым брэндам. А магчымасць палюбавацца незвычайнымі дрэвамі і кветкамі сёння ёсць у кожнага жыхара райцэнтра.

У найбліжэйшых планах Сяргея Ярашэвіча - вырасціць першае ў Беларусі дрэва-сад. Майстар задумаў на адзін ствол прышчапіць усе экзатычныя расліны, якія ёсць у калекцыі.