Балет для дарослых - альтэрнатыва фітнесу

26 марта 2015

Балерынай у сталіцы можа стаць кожная, але прыйдзецца пастарацца. Альтэрнатыву фітнесу і аэробіцы ў сталіцы зараз актыўна складае так званы балет для дарослых. Першымі вынікамі вучаніцы будуць ганарыцца праз год-другі.

Антаніна Станкевіч адправілася спасцігаць азы класічнай харэаграфіі.

Слухаць уважліва і трымацца за станок. У балеце адно і тое ж паўтараць па некалькі разоў не прынята. А таму запамінаць даволі складаную камбінацыю прыходзіцца адразу ж.

На самым першым занятку ногі адмаўляюцца слухацца. Да таго ж трэба сачыць за рукамі, спіной і шыяй - менавіта за такія тонкія дэталі і шануюць балет. Але з першага разу даецца далёка не ўсё.

Прыходзяць у залу класічнай харэаграфіі па розных прычынах. Хтосьці хоча падцягнуць фігуру, паднабрацца ўпэўненасці, а хтосьці і проста за кампанію. Гэтыя дзяўчаты сцвярджаюць - празаймаўшыся ля станка з месяц кінуць гэты занятак ужо немагчыма.

Нярэдка сюды прыходзяць і адразу ж пытаюцца пра пуанты. Але педагогі папярэджваюць - не раней, чым праз год. Інакш магчымы траўмы. А яны ў балеце зусім не рэдкасць. Асабліва пакутуюць ногі і калені.

Зараз у сталіцы вялікую папулярнасць набірае менавіта балет для непрафесіяналаў, альбо як яго яшчэ называюць, балет для дарослых."Лебядзінае возера" ці "Шчаўкунчыка" на вялікай сцэне ў іх станцаваць наўрад ці атрымаецца, а вось набыць лёгкую паходку і вытанчаную постаць даволі проста.