Аўтавакзал "Усходні" сёння афіцыйна аднавіў сваю працу

20 марта 2020
Адметная падзея для пасажыраў. Аўтавакзал "Усходні" ў Мiнску з сённяшняга дня зноў адкрыты  пасля чатырох гадоў незапатрабаванасцi. Аўтобусы з тэрмінала адпраўляцца будуць у  магілёўскім, гомельскім, слуцкім напрамках, а таксама ў Паставы, Ліду, Навагрудак, Наваполацк і Віцебск. 

Надзея Сербіненка пра першы працоўны дзень для аўтавакзала "Усходні" пасля працяглай паўзы. Аўтавакзал "Усходні" сёння афіцыйна аднавіў сваю працу. Чатыры гады пасажырскі тэрмінал быў закрыты з-за незапатрабаванасці. Калі аб'ём перавозак упаў амаль утрая, гарадскія ўлады прынялі рашэнне закансерваваць будынак. Рэканструкцыя  пад магчымы выставачны цэнтр  так і не ажыццявілася, і сёння, нарэшце,  вакзал вяртаецца да свайго звыклага ладу жыцця.

Як і 37 гадоў таму, яго адкрываюць у дапамогу аўтавакзалу "Цэнтральны", адзінаму у сталіцы пасажырскаму тэрміналу такога роду. Зараз там не хапае як месцаў для паркоўкі транспарту, так і пляцовак для адпраўлення. А што думаюць жыхары суседніх мікрараёнаў і першыя пасажыры наконт узнаўлення працы "Усходняга"? Давайце паслухаем (відэа).

З "Усходняга" будуць адпраўляцца міжгароднія і міжнародныя аўтобусы ў магілёўскім, гомельскім, слуцкім напрамках, а таксама ў Паставы, Ліду, Навагрудак, Наваполацк і Віцебск. Адсюль таксама будуць адпраўляцца аўтобусы прыгарадных маршрутаў. 

Ужо сёння квіткі  з пунктам адпраўлення  "Аўтавакзал "Усходні" можна набыць і на месцы, і праз інтэрнэт. На пачатковым этапе работы аўтавакзала задзейнічаюць перон для пасадкі і высадкі пасажыраў, пляцоўку для стаянкі транспарту і першы паверх будынка. Там ёсць зала чакання на 80 месцаў, камеры захоўвання, тры касы і кафетэрый. Так што для першых пасажыраў на "Усходнім" усё гатова.