Аўтаўладальнікі вобласці рыхтуюць аўто да лета

13 Красавіка 2016

Аўтаўладальнікі вобласці рыхтуюць аўто да лета - на шынамантажах распачаўся сезон пераабування машын з зімовай гумы на летнюю. Згодна з правіламі, ездзіць улетку ў зімовай гуме не забараняецца, аднак большасць аўтаўладальнікаў аддае перавагу бяспечнаму перамяшчэнню па дарогах на сезоннай гуме. Колькі сёння каштуе шынамантаж, высвятляў Аляксандр Харавец.

Штодзень праз рукі Дзяніса Свірыдава праходзіць мінімум 80 пар колаў. На пераабуванне аднаго аўто майстар траціць амаль паўгадзіны. Мужчына прызнаецца, што працуе без перапынку і да апошняга кліента. Сезон вымушае часам пакідаць працоўнае месца амаль апоўначы. У сярэднім замена гумы каштуе каля 400 000 рублёў.

Любы памер, вытворца і на розныя кашалькі. Магазіны па продажы шын таксама падрыхтаваліся да летняга сезона. Аднак тут ажыятажу не назіраецца. Паводле слоў прадаўцоў, аўтаўладальнікі загадзя набылі абутак для сваіх машын.

Спецыялісты раяць пераабуваць аўто, калі сярэднясутачная тэмпература складае плюс сем градусаў. Адно з галоўных адрозненняў летніх шын ад зімовых – малюнак пратэктару. Ён спецыяльна прызначаны для таго, каб бруд і вада не заставаліся на колах. А яшчэ паляпшае счапленне з асфальтам і робіць аўтамабіль больш паслухмяным на мокрай дарозе.

Захоўваць жа шыны лепш пры плюсавай тэмпературы ў цёмным памяшканні. Сёння многія СТА прапаноўваюць і свае паслугі - зімовую гуму можна пакінуць у спецыяльных боксах. Між тым правілы не забараняюць улетку ездзіць на зімовых шынах. Як кажуць вадзіцелі, абутак па сезоне дадае ўпэўненасці на дарозе.

Зрэшты, кіраваць аўто на лысай гуме таксама небяспечна. Таму інспектары ДАІ нагадваюць вадзіцелям сачыць за вышынёй пратэктару.

Са слоў работнікаў СТА, гарачы сезон пераабування аўто працягнецца два тыдні. І прагноз сіноптыкаў планы аўтамабілістаў не парушыць.