Аўтапаркі Мінскай вобласці набудуць больш за 90 новых аўтобусаў МАЗ

6 февраля 2020
Новыя магчымасці ў пасажырскіх перавозках! Аўтапаркі Мінскай вобласці сёлета набудуць больш за 90 новых аўтобусаў МАЗ для гарадскіх і прыгарадных маршрутаў. Так, пяць машын паступілі ў Салігорск, некалькі пасажырскіх МАЗаў адправіліся ў Мар'іну Горку і Барысаў. Дарэчы, у горадзе на Бярэзіне праводзяць і пілотныя праекты па сістэмах аплаты праезду. Гэта можна зрабіць з дапамогай QR-кодаў і мабільнага дадатку, а таксама звычайнай банкаўскай карты. Пасля таго як інавацыі выпрабуюць на маршрутах у Барысаве, іх распаўсюдзяць і ў іншых гарадах цэнтральнага рэгіёна.

Яшчэ адзін з напрамкаў, які развіваюць транспартнікі Мінскай вобласці, - перавозка тургруп. Для гэтага ёсць 58 спецыяльных аўтобусаў. Сумесна са спецыялістамі турыстычнай індустрыі распрацоўваюцца і новыя маршруты.