Аўтамабільную тэхніку і камплекты запчастак перадала беларускай арміі КНР

8 апреля 2015

Аўтамабільную тэхніку і камплекты запчастак перадала беларускай арміі Кітайская Народная Рэспубліка. Бязвыплатную дапамогу даставілі напрыканцы сакавіка, а напярэдадні важную падзею замацавалі  падпісаннем  дакументаў. Урачыстая цырымонія прайшла ў рамках сустрэчы міністра абароны Андрэя Раўкова і пасла КНР Цуй Цыміна.

У Беларусь прыбылі новыя легкавыя аўтамабілі і пазадарожнікі для патрэб Узброеных Сіл. Ёсць сярод іх і асаблівыя мадэлі. Кітайскі FAV сёлета, хутчэй за ўсё, заменіць на парадзе традыцыйную "Чайку".

Дзмітрый Павераны, выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення Міністэрства абароны Беларусі: "Сярод гэтай тэхнікі ёсць два парадныя аўтамабілі, якія ўжо 9 мая прымуць удзел у парадзе войскаў мінскага гарнізона. Гэта кабрыялеты,  якія  будуць выкарыстоўвацца для перамяшчэння прымаючага і камандуючага парадам".

Зараз аўтамабілі знаходзяцца ў зоне Мытнага кантролю. Мадэль кабрыялетаў эксклюзіўная. Гэтыя парадныя машыны сталі самымі дарагімі ў гісторыі кітайскага аўтапрама.