Аўтамайстэрні ў гаражах стануць легальнымі

18 сентября 2013

1 лістапада ўступае ў сілу адпаведны ўказ Прэзідэнта Беларусі. Заручыўшыся падтрымкай усіх удзельнікаў кааператыва, любы прадпрымальнік зараз зможа аформіць дакументы і ператварыць свой гараж у майстэрню. Сёння, паводле ацэнак спецыялістаў, кожная трэцяя станцыя працуе нелегальна. Лічба гэтая ў хуткім часе абяцае стаць меншай, бо адказнасць тых, хто не пажадае выйсці з ценю, будзе ўзмоцненая.



Усе нюансы новага дакумента ў матэрыяле Дзмітрыя Цітова.



Гаражны механік у прамым сэнсе слова застаўся ў цені… відэакамеры. Ліцэнзіі няма, а аўтамабілі, якія знаходзяцца на яго тэрыторыі - на вуліцы і ў гаражы - яму не належаць.


Андрэй Пацэпня, старшы дзяржаўны падатковы інспектар Ленінскага раёна г. Мінска: Грамадзянін ажыццяўляў паслугі па рамонце аўтамабіляў і быў незарэгістраваны. За гэтае парушэнне першы раз прадугледжана папярэджанне.


Пры паўторнай сітуацыі ўсё скончыцца судом, а далей штраф да 100 базавых велічынь.


Нелегальная прадпрымальніцкая дзейнасць, аўтамабілі больш за тры з паловай тон, а таксама неабсталяваныя майстэрні. Усе гэтыя нюансы не дазволяць перабіраць чужыя дэталі аўтамабіляў, паколькі з 17 верасня гаражныя рамонты па-за законам.


Дакладнаму падліку гаражныя СТА не паддаюцца. Але толькі за гэтыя паўгода выяўлена каля 130 нелегалаў. Указ Прэзідэнта сур'ёзна ўзмацніў адказнасць за ценявы аўтабізнес. Уладальнік гаража можа проста яго пазбавіцца - сход гаражнага кааператыва мае права выключыць мясцовага Кулібіна са сваіх спісаў.


Юрый Важнік, старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце: Такі сегмент аўтамабільнага рынку, як рамонт, ужо даўно трэба было ўпарадкаваць і вывесці з ценю.


Каб афіцыйна зарэгістраваць свой бізнес, уладальнікам гаражоў дастаткова пераабсталяваць іх у майстэрню з мінімальнымі патрабаваннямі. Рэгулятары рынку абяцаюць яшчэ спрасціць працэдуру легалізацыі.


Валянціна Ляўкоўская, начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Міністэрства гандлю Беларусі: На іх будуць распаўсюджвацца ўсе нарматыўна-прававыя акты ў галіне аўтасэрвісу. Многія хочуць легалізавацца і працаваць афіцыйна. Што гэта ім дае? Яны могуць папярэдне прымаць заяўкі, даваць рэкламу аб сабе, даваць гарантыі спажыўцу.


Сумарныя страты бюджэту ў 2012 годзе склалі да паўтрыльёна рублёў. Больш чым значная сума, каб вывесці гаражныя СТА з ценю. Указ уступае ў сілу з 1 лістапада. У кіраўнікоў гаражных кааператываў ёсць шэсць месяцаў, каб навесці парадак у сваіх уладаннях.