Аўтадром, Вальс і Ладдзя яшчэ не завяршаюць сезон

1 сентября 2014

Атракцыёны ў сталічных парках закрываюцца ў кастрычніку. З надыходам халадоў электраабсталяванне дэманціруюць і перавязуць на захоўванне ў спецыяльныя памяшканні. Усю зіму супрацоўнікі гарадскіх паркаў будуць правяраць абсталяванне, каб вясной мінчане і госці сталіцы зноў паглядзелі на Мінск з вышыні птушынага палёту. На чым можна пакатацца ў парку - у матэрыяле Таццяны Нікіцінай.


Радаснымі дзіцячым крыкамі і звонкім смехам зараз напоўнены сталічны парк Горкага. Аднак хутка тут стане зусім ціха.


Скончылася лета - завяршаецца і сезон атракцыёнаў.


Звычайна ў кастрычніку парк атракцыёнаў закрываюць. Усё электраабсталяванне і механізмы, якія не змогуць вытрымаць нізкую тэмпературу, дэманціруюць і перавязуць на захоўванне ў спецыяльныя памяшканні. Пасля абсталяванне правяраюць на наяўнасць дэфектаў, каб загадзя купіць неабходныя запчасткі для замены.


З надыходам першых халадоў міні-цягнік, Дракоша, аўтадром спыняць свой рух. Зрэшты, да зімы работнікі парку рыхтуюцца ўжо цяпер.


Гэтая сям'я прыехала ў Мінск з вёскі Буянцы Смаргонскага раёна. Па парку Горкага яны гуляюць упершыню.


Кола агляду - адзін з самых папулярных атракцыёнаў у сталіцы.. Асабліва шмат ахвотнікаў пакатацца на ім у выхадныя. За адзін дзень прадаецца каля 2 тысяч квіткоў.


За апошнія два гады ў парку ўсталявалі новыя атракцыёны - Каліпса і Задыяк. Таму ў будучым сезоне навінак не будзе. Затое актыўна развіваюцца творчыя і спартыўныя забавы. Танцы, ёга, дыхальная гімнастыка і скандынаўская хада.


Лідзія Вежнавец, начальнік аддзела культурна-масавай і спартыўнай работы УП Гарадскія паркі Мінскзелянбуда: Пачыналі мы самі. Выходзіла 5 чалавек, якія навучаліся ў гэтым будынку. А сёння ўжо мінімум 10-15 чалавек, якія прыходзяць на пастаяннай аснове.


Са спыненнем атракцыёнаў жыццё ў парку не замірае. Зараз распрацоўваюцца новыя забаўныя праграмы. Мінчан чакаюць фестывалі, спартыўныя спаборніцтвы, а пазней і традыцыйнае святкаванне Новага года, Каляд і Масленіцы.