Аўгустоўскі канал рыхтуецца да турыстычнага сезона

23 марта 2020
Новыя цеплаходы, міжнародныя велапрабегі, гістарычныя помнікі і насычаная забаўная праграма. Аўгустоўскі канал рыхтуецца да адкрыцця турыстычнага сезона. За зіму цалкам адрамантавалі і ўмацавалі суднаходную частку воднага шляху. Закупілі прагулачныя маторныя лодкі і катамараны. А на ўжо існуючым цеплаходзе "Нёман" з'явяцца аўдыёэкскурсіі, у тым ліку і для замежных турыстаў. Абнаўляюцца экспанаты і мясцовага музея гісторыі Аўгустоўскага канала.

Ірына Голубева, галоўны спецыяліст аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама: "Мы заўсёды рыхтуемся здзівіць нашых гасцей і гледачоў чымсьці незвычайным. Традыцыйна ў нас заўсёды праходзяць кірмашы, выставы, продажы, майстар-класы па бытавых танцах, майстар-класы па рамёствах, разнастайныя атракцыёны дзіцячыя, забавы, песні".

У гэтым сезоне стаўку зрабілі на падзейны турызм і падрыхтавалі для гасцей некалькі дзясяткаў фестываляў і спартыўных мерапрыемстваў.