Аўгустоўскі канал рыхтуецца да адкрыцця новага турыстычнага сезона

21 марта 2020
Сучасныя цеплаходы, міжнародныя веламаршруты, гістарычныя помнікі і насычаная забаўная праграма. Аўгустоўскі канал рыхтуецца да адкрыцця новага турыстычнага сезона. У зімовы перыяд была поўнасцю адрамантавана суднаходная частка канала, закуплены дадатковыя маторныя лодкі і катамараны. У гэтым сезоне акцэнт зрабілі на правядзенні шматлікіх масавых мерапрыемстваў. Фестывалі, майстар-классы, спартыўныя гульні  - усё гэта чакае турыстаў на ўнікальным водным шляху. 

Падрабязнасці ў рэпартажы Юрыя Карняловіча. Капітан цеплахода Аляксандр Кірэня часова змяніў штурвал карабля на пэндзаль. Разам з матросамі асвойвае новую прафесію маляра. І гэта невыпадкова, бо на флоце знешняму выгляду судна заўсёды надавалася вялікае значэнне, і не важна, па моры ты ходзіш, ці па канале. А цеплаход "Нёман" ужо стаў візітнай карткай Аўгустова.

Да пачатку турыстычнага сезона падрыхтавалі і сам канал. Умацавалі берагі, адрамантавалі шлюзавыя камеры, спецыяльнымі буйкамі абазначылі фарватар. Абнавілі і шматлікія месцы для адпачынку.

Бяспека пасажыраў цеплахода і ўвогуле турыстаў - галоўная умова функцыявання Аўгустоўскага канала. Таму падрыхтоўка да новага сезона праходзіць пад пільным кантролем спецыялістаў тэхнагляду. Якасць праведзеных работ ацэньваецца і даецца афіцыйны дазвол на пачатак навігацыі.

Аднак, нават самы сучасны водны шлях без турыстычнай інфраструктуры не здольны прыцягнуць вялікую колькасць гасцей. Таму ў парадак прыводзяцца і шматлікія помнікі архітэктуры на Аўгустоўскім канале. Сваіх наведвальнікаў чакае і музей Аўгустоўскага канала. Тут сабраны ўнікальныя экспанаты. Напрыклад, вось гэты якар быў знойдзены падчас рэканструкцыі воднага шляху. Яго памеры сведчаць пра тое, што ў канцы XIX стагоддзя тут хадзілі дастаткова вялікія караблі і баржы.

Непасрэдна сам музей знаходзіцца ў хаце наглядчыка канала. Будавалася яна адначасова з водным шляхам. Тут захаваўся інтэр’ер таго часу, а па экспанатах можна вывучаць гісторыю гандлёвых водных шляхоў Беларусі XIX стагоддзя.

Сёлета на Аўгустове акцэнт зрабілі на забаўным турызме. Падрыхтавана некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў. Так, трэці дзень Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур пройдзе менавіта на канале. А яшчэ свята трох народаў - Беларусі, Польшчы і Літвы, заплывы на чым папала, чэмпіянат па балотным футболе і міжнародны веламарафон.

Афіцыйна турыстычны сезон на Аўгустоўскім канале пачнецца 1 мая. Аднак ужо сёння кожны, хто жадае, можа прыехаць і пазнаёміцца з унікальным гідратэхнічным помнікам архітэктуры Беларусі.