Аварыйны мост цераз раку Прыпяць сёння быў узарваны. Эксклюзіўныя кадры апублікавала МНС краіны

25 Мая 2018

Аварыйны мост цераз раку Прыпяць сёння быў узарваны. Эксклюзіўныя кадры дэмантажу апублікавала МНС краіны. Сапёры абрушылі небяспечны ўчастак, які злучаў два берагі паміж Жыткавічамі і Туравам. Маштабная піратэхнічная аперацыя праводзілася з выкананнем усіх мер бяспекі. Мясцовых жыхароў блізка да месца не падпускалі, адвялі ад пераправы і будаўнічую тэхніку. Стары пралёт, а гэта 190 метраў, заменяць стальной канструкцыяй. Нагадаем, расколіна, якая ўтварылася тут у снежні, парушыла звыклы ўклад жыцця цэлых раёнаў. Стратэгічны аб'ект былі вымушаны закрыць, новы ж - сучасны і надзейны - па даручэнні Прэзідэнта ўзвядуць да 7 лістапада. Зараз два берагі злучаюць пантон і паромная пераправа. На месцы старога моста пабывала наш карэспандэнт Ганна Кавалёва.

5 месяцаў падрыхтоўкі, выбар аптымальнага варыянту зносу, пралік рызык, дзясяткі задзейнічаных спецыялістаў, у тым ліку з Акадэміі навук. Усё дзеля некалькіх секунд. Пашкоджаную частку аварыйнага моста ў Жыткавічах нарэшце падрыхтавалі да зносу. Узрыў прагрымеў сёння раніцай.

Пра маючы адбыцца ўзрыў мясцовых жыхароў папярэдзілі загадзя. У радыусе кіламетра тэрыторыю ачапілі.

На закладку ўзрыўчаткі спатрэбіліся 5 дзён. Адсяляць суседнія вёскі, а гэта каля 3 тысяч жыхароў, не сталі. Выбух быў накіраваны і кропкавы.

Жалезабетонная каробчатая канструкцыя вагой 4 тысячы тон упала ў адну секунду. Для гэтага спатрэбілася амаль 2 тоны ўзрыўчаткі. На сёння гэта найбуйнейшы ўзрыватэхнічны праект у гісторыі Беларусі.

Каб усё ажыццявіць, давялося змяняць рэчышча ракі, а пад аварыйным мостам зрабіць спецыяльны насып, на які і легла будаўнічае смецце. Дзякуючы яму пазбеглі засмечвання Прыпяці.

Дарэчы, аб тэрмінах. Прэзідэнт Беларусі даручыў завяршыць будаўніцтва новага моста цераз Прыпяць да 7 лістапада. Гэтае пытанне на асабістым кантролі Кіраўніка дзяржавы.

Усе рызыкі пры зносе маста былі пралічаны. Адразу пасля ўзрыву пляцоўку абследавала спецыяльная камісія. Вядома, апошняе слова скажа навука - заключэнне дасць БелдарНДІ. Аднак ужо па папярэднім даследаванні зразумела - дэфармацый і пашкоджанняў астатняй часткі моста няма.

Мост злучаў берагі Прыпяці 33 гады. Пётр Пунтус асабіста ўдзельнічаў у яго будаўніцтве. Гаворыць, нягледзячы на недахоп матэрыялаў, сваю працу выконвалі добрасумленна. Аднак гэта не змагло папоўніць жалезабетонны прабел.

Наступны этап - разбор завалаў і ўстаноўка часовых апор для мантажу новага пралёта. Будаўнікі гарантуюць металічную якасць. У прамым сэнсе. Пакуль ідуць у нагу з графікам.

Працаваць тут будуць спецыялісты адразу некалькіх мостабудаўнічых упраўленняў. Першая партыя металічных канструкцый ужо дастаўленая на пляцоўку. 


Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя