Астранаўты сталі ганаровымі гасцямі фіналу нацыянальнага адбору лепшых малюнкаў аб космасе

24 марта 2018

Алег Навіцкі рыхтуецца да трэцяга касмічнага палёту. Першыя рабочыя паездкі за мяжу па падрыхтоўцы да сур'ёзных касмічных нагрузак назначаны на май. Аб гэтым касманаўт-выпрабавальнік сёння ў эксклюзіўным інтэрв'ю распавёў нашаму карэспандэнту падчас сустрэчы з юнымі мастакамі. Навіцкі разам з астранаўтамі з іншых краін у гэтыя дні ўдзельнічае ў падрыхтоўцы да Планетарнага касмічнага кангрэсу. Як прызналіся ганаровыя госці, некаторыя з якіх пабывалі на арбіце Зямлі не раз, дзіцячая творчасць - гэта прызма, праз якую на нашу планету можна зірнуць пад іншым вуглом. На касмічныя тэмы з дзецьмі і дарослымі пагутарыла Надзея Сербіненка.

На двух верталётах - як сапраўдныя заваёўнікі неба - прыляцелі на сустрэчу з дзецьмі касманаўты. Усе яны з'яўляюцца ўдзельнікамі міжнароднай Асацыяцыі касмічных палётаў. Адна з галоўных мэт арганізацыі - папулярызацыя касмічных даследаванняў сярод моладзі.

Боні Данбар, кіраўнік асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, лётчык-касманаўт (ЗША):

"Мы спадзяёмся, што зможам сваім прыкладам натхніць дзяцей на вывучэнне касмічнай прасторы і заняткі інжынернай навукай. Дэвіз нашай арганізацыі - "Мы ўсе імкнёмся да космасу".

Астранаўты з Расіі, ЗША, Францыі і Германіі сталі ганаровымі гасцямі фіналу нацыянальнага адбору лепшых малюнкаў аб космасе.

У Міжнародным конкурсе дзіцячых малюнкаў прынялі ўдзел амаль паўтары тысячы юных мастакоў. Школьнікі выкарысталі розныя тэхнікі - гэта пастэль, акварэль, графіка. Але тэма ва ўсіх адна - палёт у будучыню. А вызначаць лепшых футурыстаў будуць тыя, хто ў космасе ўжо пабываў.

Конкурс праводзіць Міжнародная авіяцыйная федэрацыя. Лепшыя малюнкі накіруюць у швейцарскую Лазану, а іх аўтары змогуць ажыццявіць палёт на верталёце або нават скокнуць з парашутам. Канкурэнцыя - сур'ёзная, нават журы было няпроста вызначыцца.

Ацэньваў мастацкія працы і касманаўт Алег Навіцкі. Ён спецыяльна прыбыў у Мінск усяго на некалькі дзён, каб паўдзельнічаць у падрыхтоўцы да верасеньскага касмічнага кангрэсу. Па выніках апошняй медкамісіі Навіцкі прызнаны прыдатным для трэцяга палёту ў космас. У чым зараз складаецца падрыхтоўка - касманаўт распавёў нашаму тэлеканалу.

Алег Навіцкі, лётчык-касманаўт:

"У мяне ўжо хутка - паездка ў Амерыку, першая, пяцітыднёвая. Але экіпаж у нас афіцыйна не прызначаны яшчэ. Так, медкамісія паказала, што мой арганізм гатовы да трэніровак, хоць першыя трэніроўкі ўжо назначаны. Так, я чакаю і ўпэўнены, што буду прызначаны".

Заўтра Выканкам касмічнай асацыяцыі заканчвае сваю работу ў Мінску. Інтэрнацыянальная каманда касманаўтаў падзякавала за цёплы прыём. І паабяцала яшчэ раз сустрэцца з беларускай моладдзю - ужо ў верасні, на 31-м Касмічным кангрэсе ў беларускай сталіцы.