Артэфакты з ранняга бронзавага веку

16 августа 2015

У Бешанковіцкім раёне археолагі вывучаюць старажытнае селішча першабытнага чалавека. Каля вёскі Асавец раскопкі вядуцца ўжо амаль паўстагоддзя. І кожная экспедыцыя выяўляе новыя цікавыя знаходкі.

Расказвае Вольга Маслоўская.

Кожныя дзесяць сантыметраў – гэта сто гадоў гісторыі. Чым глыбейшы раскоп, тым далей у мінулае могуць зазірнуць навукоўцы. Зараз археалагічны пэндзаль расчышчае керамічны посуд, выраблены рукамі першабытнага чалавека.

Археалагічны лагер на беразе ракі Крывінка з’яўляецца кожнае лета. Тарфянік ля вёскі Асавец – сапраўдны Кландайк для даследчыкаў даўніны. Тут знаходзіцца шэраг археалагічных помнікаў, гісторыя якіх налічвае некалькі тысячагоддзяў.

Аскепкі керамікі, наканечнікі для стрэл, кручкі для лоўлі рыбы. Рэдкі выпадак: археолагі знайшлі косці жывёлін і рэшткі драўляных канструкцый. Ці то жыллё першабытнага чалавека, ці то нейкія гаспадарчыя пабудовы, стане зразумела пазней. Знаходка ўнікальная. Арганіка, тым больш родам з пачатку бронзавага веку, рэдка трапляе ў рукі археолагаў.

Нездарма навукоўцы называюць гэты археалагічны мікрарэгіён паўночнай Атлантыдай. У наступным годзе споўніцца паўстагоддзя, як вядуцца даследаванні археалагічнага помніка “Асавец”. Пачынаў яшчэ бацька цяперашняга кіраўніка экспедыцыі.

Артэфакты з Крывінскага тарфяніка ёсць нават у сталічных музеях. Найбольш вядомая знаходка – драўляны ідал. І калі ў мясцовым краязнаўчым толькі фатаграфія артэфакта - арыгінал захоўваецца ў Мінску,– то ўпрыгажэнні з зубоў дзікіх жывёлін і бурштынавыя кругляшы самыя сапраўдныя.

Археалагічная экспедыцыя працягнецца. У верасні навукоўцы пераедуць у суседні Сененскі раён. Таксама на балота. Пошукі будуць весціся пад вадой пры дапамозе спецыяльнай тэхнікі.