Фрагменты каштоўнага бранзалета, жалезную спражку і шкляныя пацеркі - артэфакты I тысячагоддзя нашай эры знайшлі ў Вілейскім раёне. Раскопкі праводзяць паблізу вёскі Рэчкі: там працуюць студэнты, педагогі і выпускнікі гістарычнага факультэта БДУ.
Археалагічны комплекс помнікаў - гэта два гарадзішчы, селішча і курганныя групы. Да гісторыі дакранулася карэспандэнт АТН Алена Вітко.
Раскопкі археалагічнага комплексу I тысячагоддзя нашай эры
Дзе і калі - прыблізна вядома. А пытанні "што?" і "з якой мэтай?" застаюцца адкрытымі. Гістарычныя адказы шукаюць паблізу вёскі Рэчкі. Археалагічны комплекс адносіцца да I тысячагоддзя нашай эры. Курганная група, напрыклад, VIII-X стагоддзяў.
Экспедыцыя ў Вілейскім раёне аб'яднала студэнтаў, выпускнікоў і педагогаў гістарычнага факультэта БДУ. "Рэнтген" глебы яны робяць уручную, па пластах.
Для Анастасіі Нікітко гэта другія раскопкі. Дзяўчына вучылася на кафедры археалогіі, а цяпер паступіла ў магістратуру. І вось лепшы падарунак і доўгачаканая падзея: першая знаходка!
Сярод артэфактаў таксама шкляныя пацеркі і фрагмент бранзалета, кавалачкі срэбра. Для "ювелірных пошукаў" выкарыстоўваюць пэндзлі і медыцынскія інструменты, нівелір, сіта.
Культурныя скарбы ў гэтым лясным масіве адкрываюць ужо некалькі гадоў. Пачыналі ў рамках вучэбнай практыкі, падключыліся валанцёры. Гэтым летам працавалі на двух аб'ектах.
Спачатку ўсё фатаграфуюць, а на міліметровай паперы малююць план. Затым ачыстка: рарытэты прадоўжаць вывучаць у лабараторным фармаце.













