Арт-алея з незвычайнымі персанажамі

20 января 2017

Студэнты ў гарадскім скверы Вілейкі пасялілі Астранома, Джэнтльмена-Ліхтара і Музычны раяль – архітэктурныя кампазіцыі ўручную выканалі ў выглядзе драўляных лавак. Гэта сумесная задумка будучых сталяроў і зваршчыкаў. На ператварэнне парку ў мастацкую галерэю спатрэбіліся два гады. Юлія Токар ацаніла новы інтэр'ер.

«Это стол – за ним едят, это стул – на нем сидят». Згодна з настаўленнямі гераіні казкі Самуіла Маршака, спачатку складана ўявіць, якое прымяненне даць гэтым арт-аб'ектам у вілейскім гарадскім скверы. Тут можна прысесці за вулічны раяль. Адрозненняў ад сапраўднага фактычна няма. Ноты і скрыпічны ключ з металу, клавішы – з дрэва. А вось на гэтай лаўцы сам Напалеон пакінуў трохвуголку - рарытэтны экспанат!

Непаўторныя арт-аб'екты ў выглядзе драўляных лавак майстравалі навучэнцы і выкладчыкі Вілейскага дзяржаўнага каледжа. За два гады алея, што злучае навучальную ўстанову і інтэрнат, ператварылася ў пляцоўку з арт-аб'ектамі. Лаўка Астранома, Напалеона, музычная, для закаханых... Хутка побач з'явіцца элегантны ліхтар з чырвоным матыльком. Пад яго яркім парасонам гараджане змогуць схавацца ад дажджу.

І калі аздаблялі лаўку электраманцёры і зваршчыкі, сядзенне майстравалі сталяры. 18-гадовы Раман Жашко з дзяцінства любіў рабіць шпакоўні, лук, рагаткі, таму з выбарам будучай прафесіі сумненняў не было.

Аздабляць парк адмысловымі вырабамі падчас практычных заняткаў у вілейскім каледжы стала добрай традыцыяй. У кавальскай майстэрні ўжо з'явіліся ліхтары і паштовыя скрыні мінулага стагоддзя.