Архікафедральны касцёл Прасвятой Дзевы Марыі стаў цэнтрам хрысціянскага яднання

23 января 2016

Сёння тут экуменічную - або аб'яднаўчую - малітву да неба ўзнеслі прадстаўнікі амаль усіх канфесій: сярод іх праваслаўныя, каталікі, пратэстанты і лютэраны. Набажэнства ў касцёле прайшло падчас штогадовага Тыдня малітвы за прымірэнне і адзінства хрысціянаў. Падчас набажэнства прысутныя ў знак адзінства запалілі свечкі, а таксама павіталі адно аднаго абдымкамі і паклонам - гэта служыць сімвалам міру. Пасля адбылася літургія за аб'яднанне вернікаў розных канфесій.

Экуменічныя сустрэчы - гэта адна малітва на ўсіх. Традыцыйна Тыдзень малітваў за прымірэнне і адзінства хрысціянаў праводзіцца з 18 па 25 студзеня і сёлета арганізаваны 49-ы раз. Гэтым вечарам вернікі сабраліся ў трох беларускіх касцёлах - мінскім архікафедральным, а таксама ў кафедральных у Магілёве і Гродне.