Арэнднае жыллё пацвярджае сваю папулярнасць

12 июня 2019

Толькі ў сталіцы на адну кватэру можа паступаць да двухсот заявак. Сёлета ў Мінску ўвядуць больш  за 11 тысяч арэндных квадратных метраў. Гэты рынак развіваецца з 2014 года. 

Зараз настаў час упарадкаваць заканадаўчую базу. Антон Малюта  больш падрабязна. 

Новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса прынята ўсяго месяц  таму, а ўступае ў сілу з 1 студзеня наступнага. Сюды закладзены новыя падыходы па выдзяленні арэнднага жылля. Але, як гавораць эксперты, у аснове ўжо адпрацаваны падыход.

Усе заканадаўчыя акты ўжо даказалі сваю эфектыўнасць. Зараз іх упарадкавалі, а таксама дадалі новыя льготы  і гарантыі. У якасці сацжылля не атрымаецца выдзеліць пакой – цяпер  мінімум аднапакаёвую кватэру. Дарэчы, перавесці арэнднае жыллё ў сацыяльнае змогуць 17 катэгорый грамадзян. Сярод іх шматдзетныя малазабяспечаныя сем'і, людзі з абмежаванымі магчымасцямі і ветэраны баявых дзеянняў. У такім разе ўносіць сродкі за арэнду не патрабуецца, галоўнае аплаціць паслугі ЖКГ. 

Перавагу аддаюць тым, хто атрымлівае арэнднае жыллё на перыяд працоўных адносін. Так заахвочваюць вайскоўцаў, маладых спецыялістаў, якія вучыліся на бюджэце, або супрацоўнікаў, якія пры атрыманні новай пасады мяняюць і месца жыхарства. На астатнія кватэры могуць прэтэндаваць грамадзяне, якія  маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Дагавор заключаюць на перыяд ад года да пяці. А пры адсутнасці парушэнняў яшчэ не аднойчы падаўжаюць.

Галоўная перавага арэнднага жылля  - гэта цэны, прычым у дзяржзабудоўшчыкаў прапановы больш  выгадныя, чым у прыватнікаў. Таму нядзіўна, што сярод беларусаў такія квадратныя метры застаюцца аднымі з самых запатрабаваных.