Антытытунёвы дэкрэт. Правілы адзіныя для тых, хто курыць і хто паруе

1 февраля 2019

Аб'екты II Еўрапейскіх гульняў стануць зонамі, свабоднымі ад курэння. Ды і месцаў, дзе можна будзе дыміць, з лета ў Беларусі будзе значна менш. Прычым гэта тычыцца не толькі звычайных цыгарэт, але і электронных. Зараз правілы адзіныя для тых, хто курыць і хто паруе. Пры гэтым узроставы цэнз для куплі парагенератараў вырас, зараз іх непаўналетнім не прададуць. Пра навацыі антытытунёвага дэкрэта - наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк.

 

Для электронных цыгарэт будзе поўная забарона на рэкламу і продаж у адкрытых вітрынах

 

Самая галоўная навіна - тое, што з ліпеня араматызаваны пар і тытунёвы дым ураўнуюць для прадаўцоў і пакупнікоў. Гэта значыць, што для электронных цыгарэт, як і для звычайных, будзе поўная забарона на рэкламу і продаж у адкрытых вітрынах. Гэта тычыцца і вадкасцяў для парагенератараў. Купіць такія прылады можна толькі з 18 гадоў.

І калі парагенератар прададуць і ў павільёне, і праз сайт у Інтэрнэце, то вадкасці - толькі ў стацыянарным пункце. Прычым з лета такія невялікія бутэлечкі зусім знікнуць з вачэй. Іх пералік, як зараз цыгарэтамі, будзе ў прадаўца на белым лістку чорным шрыфтам. А ва ўсіх гіпер- і супермаркетах з наступнага года з'явяцца спецыялізаваныя аддзелы, каб з 2022 года зняць усе чэкаўты над касамі.

Гандляваць цыгарэтамі і парагенератарамі змогуць не толькі юрасобы, але і індывідуальныя прадпрымальнікі. А вытворцы і імпарцёры на сваіх сайтах змогуць размяшчаць фота пачкаў цыгарэт з усімі характарыстыкамі і цэнамі.

Словы, сугучныя з найменнямі тытунёвых вырабаў, знікнуць з шыльд магазінаў, павільёнаў, кіёскаў. Сёння асабліва ў рэгіёнах такія надпісы сустракаюцца паўсюдна. Праз паўгода шыльды прыйдзецца зняць.

 

 

Месцаў, дзе курыць і параваць нельга, стане больш

Гэта, напрыклад, пад'езды. А вось на ўласным балконе кватэры дазволена. Таксама прыпынкі грамадскага транспарту, дзіцячыя пляцоўкі, пляжы, і аўто, калі ўнутры дзіця, гэта тычыцца і таксі. Плаціць той, хто курыць.

А кафэ і рэстараны, нават летнія адкрытыя тэрасы з ліпеня абавяжуць адкрыць спецыяльныя пакоі для аматараў падыміць. Прычым гэта тычыцца не толькі звычайных цыгарэт, але і электронных. Катэгарычна залы для курыльшчыкаў не адмяняюць, але патрабаванні да іх павышаюцца.

Стымулам тут стануць і II Еўрапейскія гульні. Усе аб'екты спаборніцтваў, гэта і залы, і гатэлі і, вядома, пункты грамадскага харчавання побач, аб’яўлены месцамі, свабоднымі ад дыму.