Антыалкагольныя папраўкі

23 октября 2013

З заўтрашняга дня ў Беларусі ўступае ў сілу адзін з самых рэзанансных законаў апошняга часу. Так званыя антыалкагольныя папраўкі. Датычацца яны выключна вадзіцеляў і выключна нецвярозых, караць такіх будуць больш жорстка. Напрыклад, штрафы за п'яную язду павялічацца ў 3 разы, а той, хто двойчы на працягу года пападзецца за рулём пад градусам, рызыкуе расстацца не толькі з буйной сумай, але і з аўтамабілем. Транспартны сродак у гэтым выпадку маюць поўнае права канфіскаваць. Прычым, абсалютна не важна, каму належыць аўто. А калі п'яны вадзіцель яшчэ і стаў вінаватым ДТЗ, у якім пацярпелі, або загінулі людзі, у сілу ўступае Крымінальны кодэкс. Да 10 гадоў пазбаўлення волі і ніякай альтэрнатывы. Дададзім яшчэ, што новая адказнасць будзе распаўсюджвацца не толькі на беларусаў, але і на вадзіцеляў-іншаземцаў.


Сяргей Шуманскі разбіраўся ў антыалкагольных праўках.



Вайна з п'янымі вадзіцелямі па новых правілах. З заўтрашняга дня ў Беларусі ўступаюць у сілу антыалкагольныя папраўкі ў заканадаўства. Датычацца яны выключна нецвярозых вадзіцеляў. Штрафы за п'яную язду павялічацца ў 3 разы. З 24 кастрычніка максімальная адміністрацыйная адказнасць складзе 13 мільёнаў рублёў. А той, хто двойчы на працягу года пападзецца за рулём пад градусам, рызыкуе расстацца не толькі з кругленькай сумай, але і з аўтамабілем. Транспартны сродак у гэтым выпадку маюць поўнае права канфіскаваць. Прычым, абсалютна не важна, каму належыць аўто. А калі п'яны вадзіцель яшчэ і стаў вінаватым ДТЗ, у якім пацярпелі, або загінулі людзі, у сілу ўступае Крымінальны кодэкс.


Станіслаў Салавей, старшы інспектар па асобых даручэннях УДАІ МУС Беларусі: Калі вадзіцель першы раз садзіцца за руль у нецвярозым выглядзе, у гэтым выпадку будзе прадугледжаны штраф у памеры да 13 мільёнаў. Калі вадзіцель паўторна сеў за руль у нецвярозым выглядзе, тады ўжо наступае крымінальная адказнасць і аўтамабіль, на якім ён перасоўваўся, будзе канфіскаваны незалежна ад уласніка. Таксама ўзмоцніцца адказнасць вадзіцелям, якія ў стане алкагольнага ап'янення здзейснілі ДТЗ, у якіх атрымалі траўмы або загінулі людзі. Максімальны тэрмін пазбаўлення волі ў гэтым выпадку можа складаць 10 гадоў.


Нецвярозы вадзіцель, па віне якога ў аварыі атрымаў цяжкія пашкоджанні або загінуў чалавек, зараз можа зарабіць рэальны тэрмін - ад 6 месяцаў да 7 гадоў пазбаўлення волі. За гібель двух і больш чалавек у ДТЗ па віне п'янага прадугледжана ад 4 да 10 гадоў турмы. І ніякіх альтэрнатыўных варыянтаў пакарання за такія злачынствы Кодэкс зараз прадугледжваць не будзе. Новая адказнасць будзе распаўсюджвацца не толькі на беларусаў, але і на вадізцеляў-іншаземцаў.