Анамальная спякота дадае ляснічым клопату

29 июля 2014
Агнём пашкоджана амаль 7 тысяч гектараў, прыкладна чвэрць тэрыторыі трэба засаджваць дрэвамі поўнасцю. Анамальная спякота дадае ляснічым клопату - у лясах вобласці абвясцілі высокі ўзровень пажарнай небяспекі. Хто рыхтуецца сустрэць магчымую стыхію ў поўным узбраенні - Антаніна Станкевіч прадоўжыць тэму.

Трактар упэўнена пракладвае сабе дарогу ў гушчары, пакідаючы за сабой толькі слуп пылу. Калі паглядзець на лясны масіў зверху, можна будзе заўважыць, што ён падзелены палосамі зямлі на квадраты. Такім чынам ляснічыя могуць затрымаць пажар у адным сектары і не даць агню раскінуцца на ўвесь лес.
Усе пад'язныя шляхі да лясоў зараз закрытыя. У такую спякоту варта абмежаваць доступ транспарту. Кожныя 500 метраў - папераджальныя таблічкі, якія нельга не заўважыць. На іх самыя элементарныя правілы паводзін у лесе.
Да гарачай ва ўсіх адносінах пары ляснічыя падрыхтаваліся загадзя. Асаблівая ўвага - наяўнасці неабходнай тэхнікі. Але на ўсіх супрацьпажарных пунктах, а іх у вобласці больш за сотню, ёсць не толькі дробны інвентар, а нават і свае пажарныя машыны.
Для барацьбы з пажарамі выкарыстоўваюць не толькі правераныя дзедаўскія метады - назіранне з вышак, але і сучасныя тэхналогіі - відэакамеры з вялікім радыусам агляду. Дапамагаюць маніторыць сітуацыю і ратавальнікі з вышыні птушынага палёту.
Толькі з пачатку года ў вобласці зафіксавалі 61 лясны пажар. Амаль 100% адбыліся па віне людзей - з-за неасцярожнага абыходжання з агнём.