Англійская вышэйшая адукацыя будзе прызнана ў Беларусі на ўзроўні нацыянальнага стандарту

7 апреля 2014

Пра гэта сёння расказаў першы прарэктар адной з лонданскіх бізнес-школ Вадзім Цітоў. Такая перспектыва сёння абмяркоўваецца ў Міністэрстве адукацыі. Плануецца, што ўжо ў найбліжэйшы час у Мінску будзе падпісана пагадненне галоўнага адукацыйнага ведамства краіны і міжнароднай асацыяцыі бізнес-лідараў - ABE. Такім чынам, размова фактычна ідзе аб двайным дыпломе - студэнты, якія скончылі ВНУ ў Англіі, змогуць уладкавацца на працу ў Беларусі. Іншы кірунак пагаднення - так званае выраўнаванне адукацыйных праграм, дзякуючы якому некаторыя з курсаў, пройдзеных у беларускіх універсітэтах, будуць залічвацца студэнту ў лік навучання ў англійскай сістэме адукацыі.


Іншая перспектыва, якая абмяркоўваецца на ўзроўні Міністэрства адукацыі, гэта стварэнне IT-акадэміі на базе беларускіх ВНУ, дзе кожны ахвотнік, не адрываючыся ад праграмы навучання па сваёй спецыяльнасці, зможа дадаткова атрымаць міжнародны сертыфікат у сферы IT. Прадстаўніцтва карпарацыі Майкрасофт у Беларусі гатова дапамагчы рэалізацыі гэтага праекта. Гэта, у тым ліку, прадастаўленне тэхналогій і навучальных матэрыялаў, а таксама дыстанцыйная адукацыя не толькі для студэнтаў, але і для выкладчыкаў вну.


Гэтыя і іншыя інавацыйныя праекты ўжо заўтра абмяркуюць у Мінску прадстаўнікі сферы адукацыі з усяго свету. Беларусь стане першай краінай, якая прымае Міжнародны адукацыйны форум Еўрапейская якасць адукацыі.