Андрэй Кабякоў наведаў Магілёўскую вобласць

3 сентября 2014

Усенароднае абмеркаванне законапраекта аб барацьбе з карупцыяй дазволіць удасканаліць дакумент. Такую думку падчас зносін з журналістамі выказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кабякоў. Сёння ён з рабочай паездкай наведаў Магілёўскую вобласць. Каб праект закону стаў больш дзейсным інструментам у барацьбе з карупцыяй, яго вынеслі на суд грамадскасці. Абмеркаванне ў друкаваных СМІ і ў Інтэрнэце ідзе даволі актыўна. Паводле слоў Андрэя Кабякова, асобныя прапановы і навацыі з боку насельніцтва знойдуць адлюстраванне ў новым дакуменце.


Андрэй Кабякоў, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: Актыўна ідзе абмеркаванне. Вы бачыце, што ў Савецкай Беларусі даволі часта друкуюцца матэрыялы па гэтай тэматыцы. Не ўсе, вядома, матэрыялы заслугоўваюць таго, каб яны былі адлюстраваныя, але ёсць і цікавыя прапановы. І ўвогуле-та, я думаю, што з усяго таго вялікага патоку прапаноў спецыялісты абсарбуюць тое, што сапраўды прыкметна ўзмоцніць гэты дакумент. Ва ўсякім разе, стары прынцып, што людзі бачаць больш, чым аб гэтым думаюць тыя, хто ўчыняюць парушэнні, тут павінен спрацаваць. Дакумент будзе сур'ёзна дапрацаваны, але, я не думаю, што ён канцэптуальна зведае нейкія сур'ёзныя змены.


Падчас рабочай паездкі кіраўнік адміністрацыі азнаёміўся з працай холдынга Група кампаній Протас. Паспяховы прыклад прыватна-дзяржаўнага партнёрства - сёлета холдынг завяршае будаўніцтва самага сучаснага ў Еўропе завода па выпуску металаканструкцый, які адкрые шырокія магчымасці для імпартазамяшчэння. Новыя лініі запрацавалі і на прадпрыемстве Магілёўхімвалакно. Аднак тут абнаўленне ідзе не такімі тэмпамі, як жадалася б.


На думку Андрэя Кабякова, прамысловы комплекс павінен паскорыць мадэрнізацыю асноўнага тэхналагічнага ядра. Інвестыцыйны праект пакуль у стадыі падрыхтоўкі, у планах кіраўніцтва таксама некалькі новых вытворчасцяў, звязаных з паглыбленай перапрацоўкай уласнай прадукцыі і атрыманнем тавару з больш высокай дабаўленай вартасцю.