Ананас у вазоне на падаконніку ў беларускім горадзе

12 декабря 2013

Жыхарка Клімавіч вось ужо некалькі гадоў займаецца вырошчваннем незвычайных раслін і экзатычных пладоў. А вынікі яе працы - не проста ўпрыгожанне, але і пачастунак за святочным сталом.


Расказвае Уладзімір Сёмкін.


З нядаўняга часу да Галіны Міхайлаўны пачасцілі госці. Усім хочацца паглядзець на заморскі фрукт, які вырас у хатніх умовах. Гісторыя яго паходжання простая. Каля пяці гадоў назад Галіна Міхайлаўна купіла ў магазіне ананас. Дзеля эксперыменту зрэзала вяршок і пасадзіла ў вазон. Даглядаць прыйшлося доўга і ўпарта, гаворыць садоўнік-аматар. Вынік перасягнуў усе чаканні. Ананас не проста вырас, а нядаўна яшчэ і зацвіў.


Вырошчваць незвычайныя расліны і экзатычныя плады Галіна пачала некалькі гадоў назад. Цяга да эксперыментаў паступова перарасла ў хобі.


Сёння, пэўна, няма ніводнай кватэры, дзе гаспадыня не вырошчвала б пакаёвыя расліны. Але вось пахваліцца ўласнаручна вырашчаным інжырам, кавай, язмінам, лімонам можа далёка не кожны.


За ўсімі гэтымі раслінамі стаіць вялікая праца. Але яно таго каштавала, гаворыць Галіна Міхайлаўна. Адзін водар у доме чаго толькі варты.


Вырашчаны ананас гаспадыня плануе падаць на навагодні стол. Гаворыць, не шкада. Для гэтага яна яго даглядала. А вось вяршок ад фрукта абавязкова зноў пасадзіць у вазон.





Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя